Апеляцыйны суд ухваліў экстрадыцыю Яны Пінчук у Беларусь


Другі апеляцыйны суд Санкт-Пецярбургу пакінуў у сіле рашэнне аб экстрадыцыі 25-гадовай беларускі Яны Пінчук, якую ў Беларусі абвінавачваюць у адміністраванні пратэставых тэлеграм-каналаў. Пра гэта паведамляе «Sota».

Паводле сваякоў дзяўчыны, апошні месяц яна цяжка хварэла, але ў медычнай дапамозе ёй адмовілі.

Адвакатка Яны Пінчук Марыя Бяляева ў інтэрв’ю «Медиазоне» паведаміла, што на выкананне рашэння суда ёсць 15 дзён.

Яна Пінчук пераехала ў Расею яшчэ ў 2018 годзе. Яе затрымалі 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбурзе на запыт беларускіх сілавікоў. 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Витебск 97 %» супраць Яны Пінчук выставілі абвінавачанні паводле пяці крымінальных артыкулаў: «Распальванне нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ), «Заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» (ч. 3 арт. 361), «Паклёп» (арт. 188) і іншыя. Ёй можа пагражаць да 12 гадоў зняволення.

Расейскія суды адмовілі ёй у прытулку і пастанавілі экстрадаваць яе ў Беларусь.

Раней Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў заклікаў урад Расеі ўстрымацца ад выдачы дзяўчыны.

Абноўлена
Камітэт правоў чалавека ААН забараніў Расеі экстрадаваць у Беларусь Яну Пінчук
2022.07.13 09:32

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў