Які мэсэдж Захаду атрымаўся ў прамове Пуціна перад Федэральным Сходам? Каментуе Фрыдман


Уладзімір Пуцін 21 лютага выступіў з пасланнем да Федэральнага сходу. Ён разважаў аб «неабходнасці» вайны і пагрозах з боку краінаў Захаду. Прамову палітыка «Белсату» пракаментаваў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Уладзімір Пуцін прамаўляе да Федэральнага сходу. Масква, 21 лютага 2023 г.
Фота: Mikhail Metzel/Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Ядравая пагроза спрацуе?

Найбольш рэзананснай у прамове Уладзіміра Пуціна была заява аб прыпыненні (не выхадзе, падкрэсліваў Пуцін) Расеяй удзелу ў Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях.

Аляксандр Фрыдман лічыць, што такая заява наўрад ці кагосьці спужае, бо яна была прадказальнай. Ëн тлумачыць «Белсату»: дамова была заключаная ў 2011 годзе, працягнутая ў 2021-м на 5 гадоў, то бок скончылася б у 2026-м. А яшчэ ў 2021 годзе і асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022-м тэндэнцыі паказвалі, што дамова працягнутая не будзе.

«Тое, што Расея афіцыйна прыняла рашэнне не сысці з гэтай дамовы, а прыпыніць свой удзел, так бы мовіць, пакінуць дзверы яшчэ трошкі адчыненымі на ўсялякі выпадак, гэта нікога асабліва, мне падаецца, на Захадзе не здзівіла. Гэта чаканы крок», – лічыць Фрыдман.

На ягоную думку, рашэнне было прынятае на фоне раптоўнага візіту прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна ў Кіеў за дзень да прамовы Пуціна: «Трэба было зрабіць у гэтай прамове Пуціна, такой досыць нецікавай і бляклай, напрыканцы такі моцны крок – а хутчэй, тое, што падаецца расейскаму боку моцным крокам».

Гэта наўрад ці кагосьці напужае, прагназуе ён і пытае: ці першы раз Расея пужае ядравай зброяй, ці першы раз кажуць, што гатовыя яе выкарыстаць? Гэта сістэмны падыход Расеі, і хоць у Крамлі бачаць, што гэта не працуе і не спыняе заходняй дапамогі Украіне, працягваюць пужаць ядравай зброяй, бо іншых магчымасцяў не засталося, лічыць Фрыдман.

Што было ў прамове Пуціна акрамя ядравай зброі?

У пачатку прамовы было тое, што Фрыдман апісвае як «пераказ пуцінскіх траўмаў наконт Украіны, пераказ пакрыўджанасці Захадам».

«Была рыторыка наконт таго, што расейская вайна супраць Украіны фактычна з’яўляецца прэвентыўнай, – каментуе Фрыдман. – Што Украіна хацела атрымаць ядравую зброю, а потым жадала напасці. Што ў Захаду, не толькі ва Украіны, былі планы наконт знішчэння Расеі – і Расея мусіла рэагаваць. Гэта такі цікавы момант, ëн не ўпершыню сустракаецца ў расейскай прапагандзе. Ëн моцна пераклікаецца з нацысцкай прапагандай часоў Другой сусветнай вайны».

«Нацысты, асабліва калі сітуацыя на фронце была для іх неспрыяльнай, заўсëды падкрэслівалі, што яны гэтую вайну мусілі пачаць, бо калі б яны не пачалі, супраць Нямеччыны заходнія краіны і Савецкі Саюз пачалі б куды больш дрэнную вайну, куды больш неспрыяльную вайну для Берліну».

Найвышэйшыя расейскія чыноўнікі слухаюць прамову прэзідэнта Расеі. Злева направа: Андрэй Турчак, Валянціна Мацвіенка, Міхаіл Мішусцін, Вячаслаў Валодзін, Дзмітрый Мядзведзеў. Масква, 21 лютага 2023 г.
Фота: Mikhail Metzel/Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Таксама Фрыдман лічыць цікавым мэсэдж аб тым, што «Расею нельга перамагчы». На пачатку мінулага года былі планы «Кіеў за тры дні, Украіна за два тыдні», а цяпер ужо і сам Пуцін прызнае, што ідуць удары па тэрыторыі Расеі. Гэта ўскосна паказвае той цяжкі стан, у якім Расея на сëння знаходзіцца, разважае эксперт.

У прамове Пуціна было шмат эканамічных тэмаў, бачання будучыні, дадае Фрыдман. Ëн тлумачыць гэта так: Пуціну трэба было паказаць, што ў Расеі ўсë добра, што краіна развіваецца. Але гэта нагадала нашаму суразмоўцу прамовы, якія рабілі савецкія кіраўнікі на партыйных з’ездах у часы вайны ў Афганістане, якая ішла неспрыяльна для СССР.

Леанід Брэжнеў і іншыя савецкія генсекі, кажа ён, не здагадваліся – і не маглі здагадвацца – што гэтая вайна ў Афганістане стане адным з чыннікаў, якія паўплываюць на працэс дэмакратызацыі і стануць «цвікамі ў труну Савецкай імперыі».

«Тое ж самае было ў Пуціна: так, вайна ідзе, а тое, што яна не ідзе паспяхова – ён гэтага не ўзгадвае, гэтыя пытанні выносяцца за дужкі, – кажа Фрыдман. – Замест гэтага поспехі на ўнутраным фронце, барацьба з Захадам і іншае».

Крытычнай рэфлексіі таго, што адбываецца з Узброенымі сіламі Расеі, ён ад Пуціна не пачуў, але і не чакаў. Фрыдман разважае: ад прамоваў Пуціна «завышаныя чаканні», прапаганда анансуе лёсавырашальныя рашэнні, а па факце – «дзядзька ў сталым узросце паўтарае тое, што паўтараў цягам месяцаў і гадоў». Пуцін, рэзюмуе ён, цяпер не ў стане прадказваць нешта новае і крэатыўнае.

Каментар
З чым Байдэн прыляцеў у Кіеў і ці бяспечны такі візіт? Каментуе ўкраінскі эксперт
2023.02.20 18:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў