Мы маем асобны від зброі

Беларускае грамадства ў моўным пытанні апынулася ў парадаксальнай сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

З аднаго боку, большасць грамадзянаў дэкларуе, што мову трэба ведаць і шанаваць, з другога – працягвае размаўляць на расейскай мове. Даволі часта можна пачуць: «Я беларус, але для мяне матчына мова – гэта расейская, бо мая мама заўсёды размаўляла са мной па-расейску». І гэта кажуць у асноўным гараджане. А як жа яшчэ? За савецкім часам у гарадах толькі адзінкі размаўлялі па-беларуску. Нават тыя гараджане, якія прыехалі ў гарады з вёсак ці мястэчак, намагаліся зліцца з натоўпам як мага хутчэй і не выдаваць свайго паходжання ніякім чынам.

На гэты конт было шмат жартаў. Калі ж пачалася гэтая прыкрая з’ява? Напэўна, у 1960-х і да сярэдзіны 1970-х. Разрыў паміж вёскай і горадам тады быў настолькі вялікі, што гэта было падобна да вандроўкі на машыне часу. Найлепшыя вучні паступалі ў ВНУ і ў родную вёску імкнуліся не вяртацца. Гарадскія кватэры, шмат люду, новая гарадская культура, новыя фільмы, новая мода, новая музыка, шасцідзясятнікі… Але пры гэтым у тым жа Менску, здаецца, ледзь не ўсе афішы ля кінатэатраў былі па-беларуску. Было шмат часопісаў і газетаў на беларускай мове. У тэлевізары тады шмат было навукова-папулярных фільмаў і адмысловыя заняткі са школьнікамі, завочнікамі і абітурыентамі. І шмат якія з іх былі па-беларуску. Аднойчы, калі мне было гадоў сем, мае бацькі заспелі мяне за адным такім заняткам – я глядзела ўрок начартальнай геаметрыі. Папросту дыктар абвясціў: «Экран завочнікам». А я не ведала, хто гэта такія, і пачала ўважліва глядзець. Мой тата, які ў свой час у інстытуце здаваў і тую ж начарталку, як яе называлі студэнты, і супраматы розныя, калі ўбачыў гэтую сцэну, спытаў: «Ну і як? Цікава?» Я шчыра прызналася, што нешта не даходзіць, і знайшла прычыну: «А чаго яны па-беларуску расказваюць? Я не ўсе словы ведаю». Мае бацькі зарагаталі і потым часам пакеплівалі з мяне за гэта.

Што такое беларуская мова для майго пакалення? У школьныя гады гэта нецікавыя ўрокі ў школе. Прадмет лічыўся другарадным. На ўроку беларускай мовы можна было заняцца нечым «больш важным». У нас было такое, што бацькі пісалі заяву, каб дзіця вызвалілі ад урокаў беларускай мовы, маўляў, навошта яны ўвогуле. Іншая рэч – матэматыка ці замежная мова. Хіба нехта тады думаў, што сам уласнымі рукамі дапамагае душыць праз мову свой жа народ? Пра якую крамлёўскую палітыку тады мог нехта казаць у абывацельскім асяродку? Мне пашчасціла, што я прыязджала на вакацыі ў Клічаў да дзеда з бабуляй. Тамтэйшыя мае суседзі-аднагодкі размаўлялі па-беларуску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мой дзед выкладаў фізіку і матэматыку ў беларускамоўнай школе. Неяк ён на вакацыях надумаў са мной пазаймацца паводле праграмы. І пачаў дыктаваць: «Адкрылі дужкі…» Я адразу ў адказ: «А мы пра дужкі ў гэтай чвэрці яшчэ не праходзілі». Ён паглядзеў на мяне ўважліва і з сумам сказаў: «Як гэта так можа быць, каб ты не ведала сваёй жа мовы?» Але я ж была ўпэўненая, што ведаю. Калі ж пачала чытаць заданні ў беларускім падручніку па геаметрыі і матэматыцы, то толькі тады зразумела, што гэтая мова зусім ніякая не вясковая ці побытавая, а яшчэ яна і не зусім зразумелая. Для мяне гэта было адкрыццём, якое потым дало мне магчымасць бараніць людзей, якія «чэкалі» і «дзекалі», ад насмешак аднакласнікаў. Прычым дапамог мне ўсё зразумець падручнік матэматыкі, а не школьная настаўніца беларускай мовы.

Я не стала тады размаўляць па-беларуску, на жаль, бо працягвала вучыцца і жыць у тым асяродку, дзе ўжо панавала расейская мова, а расейская масавая культура набірала абароты. На нашых вачах беларуская мова паціху мэтанакіравана саступала расейскай. Неяк на пачатку 2000-х да нас у госці прыехала маміна сяброўка. Калі яна пачула ад мяне беларускую мову, то здзівілася, маўляў, ды ніхто ж ужо і не размаўляе. А потым узгадала: «Мы ж усе, дзеці, пасля вайны толькі па-беларуску гаварылі. І вучыліся па-беларуску. І вось неяк у наш клас прывялі новенькага. Гэта быў сын новага начальніка міліцыі, а яны прыехалі з Расеі аднекуль. У яго адразу закахаліся ледзь не ўсе нашыя дзяўчаты, бо ён жа размаўляў, як прыгожыя героі тых трафейных фільмаў. Хлопчык потым аказаўся не надта добразычлівым, дый бацьку яго не надта паважалі. Але гэтая мова на нас тады так падзейнічала».

І я тады прыгадала, як у 1995-м, калі пасля ганебнага рэферэндуму пра «двухмоўе» пачалі гвалтоўна зрываць нацыянальныя сцягі, студэнты выйшлі на акцыю пратэсту. Яны атачылі будынак адміністрацыі Лукашэнкі пад выглядам палонных і над прыбіральняй Купалаўскага тэатру замацавалі сцяг БССР. Студэнтаў жорстка разагналі. Памятаю, як потым ва ўніверсітэцкіх калідорах пачала гучаць беларуская мова. Студэнты адгукнуліся на рэпрэсіі зброяй, якую адабраць у іх будзе ўжо немагчыма. Мова гучала з памылкамі, але было зразумела, што гэты флэш-моб дасць пачатак іншай справе.

І вось які парадокс: мову спрабуюць загнаць у кут, закрываючы навучальныя ўстановы з нацыянальнай мовай, а яна ўсё роўна гучыць, і нават пашыраецца кола людзей, якія размаўляюць на ёй паміж сабой. Калі параўнаць маё пакаленне гараджанаў у той час, калі нам было 20 гадоў, з цяперашнімі 20-гадовымі, то відавочна, што ў іхным асяродку мову можна пачуць значна часцей.

Мы за межамі сваёй краіны пачалі разумець, што менавіта мова вызначае нас як нерасейцаў. А расейцам быць сёння не хочацца, прынамсі, ведаем, якім расейцам.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў