Праваабаронцам стала вядома, што 27 лютага ў Менску працягнуць судзіць 31-гадовага мытнага інспектара Яўгена Гурыновіча. Месца працэсу – СІЗА-1. Ці можа гэта быць звязана са станам здароўя мужчыны – невядома. Суддзёй прызначаны Яўген Пісарэвіч, піша «Вясна».
У Менскім гарадскім судзе з 10 кастрычніка ў закрытым рэжыме судзілі трох супрацоўніках мытнай службы: Яўгена Гурыновіча, Віктара Новіка, Уладзіміра Журомскага. Агулам іх судзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Апроч іншага, іх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «перавышэнні службовых паўнамоцтваў», «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «стварэнні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Падрабязнасці справы і прычыны пераследу праваабаронцам невядомыя. Адразу працэс вяла Дзіна Кучук, а потым яе замяніў Сяргей Хрыпач.
Цяпер жа стала вядома, што паводле гэтай справе працягнуць судзіць наўпрост у СІЗА толькі Яўгена Гурыновіча.
Ася Саковіч belsat.eu