Міністр замежных справаў Літвы Ландсбергіс: Мы мусім сказаць яснае «не» турыстам з Расеі і Беларусі


У інтэрв’ю выданню «Politico» кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што краіны Еўразвязу павінны адзінагалосна ануляваць раней выдадзеныя расейцам шэнгенскія візы і забараніць выдачу новых.

Літва хоча, каб Еўразвяз забараніў выдачу шэнгенскіх візаў расейцам і беларусам. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Onliner

«Мы павінны знайсці супольнае і эфектыўнае рашэнне, каб зрабіць забарону на выдачу візаў максімальна эфектыўнай. І яна павінна ўключаць яснае «не» расейскім і беларускім турыстам, якое набудзе моц неадкладна», – сказаў міністр.

Паводле Ландсбергіса, адмяніць раней выдадзеныя доўгатэрміновыя візы трэба як мінімум на час вайны, бо Еўропа павінна прымаць тых, каму «патрэбны прытулак, а не адпачынак».

«На літоўскіх курортах мы ўжо назіраем павелічэнне колькасці расейскіх турыстаў, якія ўехалі ў краіну па візах, выдадзеных іншымі чальцамі ЕЗ. А паколькі авіязлучэнне з Расеі ў Еўропу ў цяперашні час вельмі абмежаванае, краіны Балтыі сталі асноўным перавалачным пунктам для тых, хто вандруе ў Еўропу з Расеі і Беларусі – гэта занадта даступны шлях для тых, хто хоча атрымаць асалоду ад еўрапейскага ладу жыцця, у той час як яны ж падтрымліваюць вайну Уладзіміра Пуціна. Такім чынам, чальцы ЕЗ, якія працягваюць выдаваць расейцам турыстычныя візы, не толькі ігнаруюць усе зверствы, здзейсненыя ў дачыненні ўкраінцаў, але і фактычна «запрашаюць» расейскіх турыстаў у Прыбалтыку. Але Эстонія, Латвія і Літва не жадаюць прымаць гасцей з Расеі, якія ў сваёй большасці падтрымліваюць пуцінскую вайну, прынамсі, да канчатковай перамогі Украіны», – зазначыў Ландсбергіс.

Інфаграфіка
Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі
2022.08.15 21:23

У той жа час Літва запэўнівае, што працягне выдаваць візы беларусам, якім на радзіме пагражае небяспека.

У Еўропе ўсё часцей выступаюць за тое, каб скасаваць выдачу візаў грамадзянам Расеі, а цяпер ужо і беларусам.

Грамадзянам Беларусі перастала выдаваць візы Чэхія (але працягне прымаць уцекачоў з Беларусі), а Эстонія спыніла выдачу беларусам часовых відаў на жыхарства (за выключэннем асаблівых выпадкаў) і турыстычных візаў. Сейм Латвіі заклікаў краіны Еўразвязу неадкладна прыпыніць дзеянне турыстычных візаў і абмежаваць выдачу ўязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі і Расеі. У Грузіі прапануюць увесці візавы рэжым з Беларуссю.

Расейскіх турыстаў ужо не хочуць пускаць Чэхія, Літва, Латвія і Эстонія; Данія спыніла выдачу візаў грамадзянам Расеі, а Славаччына выдае ім візы толькі ў «выпадках крайняй неабходнасці»; абмежавалі выдачу кароткатэрміновых візаў для расейцаў таксама Бельгія, Мальта і Нідэрланды. Эстонія спыняе не толькі выдачу візаў, але і не будзе ўпускаць расейцаў з шэнгенскімі візамі, якія былі выдадзеныя Эстоніяй, з 18 жніўня. Польшча ўжо працуе над скасаваннем выдачы візаў расейцам.

Агульнай стратэгіі для спынення выдачы візаў расейцам і беларусам Еўразвяз яшчэ не мае. Асаблівасць шэнгенскай зоны ў тым, што калі, напрыклад, Літва спыніць выдачу візаў расейцам, а суседняя Латвія не спыніць, то Літва будзе абавязаная пускаць расейцаў з візамі, выдадзенымі Латвіяй.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў