Вечарам 17 лістапада ў чэшскім Брно сарвалі канцэрт беларускага коміка Славы Камісаранкі.
Пра гэта паведаміў у сацсетках блогер Кірыл Карупаеў, які прысутнічаў на мерапрыемстве. Паводле яго слоў, канцэрт ішоў каля гадзіны, а пасля нехта паклікаў коміка за сцэну.
«Вяртаецца, кажа раптоўна, што ў нас з вамі дзве хвіліны. Перарывае папярэднюю гісторыю і расказвае кароткі жарт на дзве хвіліны. Пасля гэтага завяршаецца канцэрт, усе сыходзяць і сек’юрыці пачынаюць хуценька ўсіх расчышчаць. Перад уваходам у клуб стаяла некалькі аўтазакаў і аўтамабіляў паліцыі», – піша блогер.
Чаму менавіта быў перапынены канцэрт Камісаранкі – невядома: ні сам артыст, ні арганізатары мерапрыемства інцыдэнт не каментавалі.
У Беларусі Слава Камісаранка праславіўся пародыяй на Аляксандра Лукашэнку «Чык-чырык». У Расеі ўдзельнічаў у гумарыстычных шоу на тэлеканале ТНТ. У студзені 2022 года комік расказаў, што КДБ аб’явіў яго ў вышук. Нагодай для гэтага стала інтэрвʼю Юрыю Дудзю, якое ў Беларусі пазней прызналі экстрэмісцкім матэрыялам. У студзені 2022 года Камісаранка, які незадоўга да гэтага атрымаў расейскае грамадзянства, заявіў, што пакінуў РФ.
СП, belsat.eu