Вядомая фемактывістка, была кіраўнічка прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова, якая знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, з дня затрымання – 9 лістапада – трымае галадоўку, піша Reform.by са спасылкай на сябровак Вольгі.
Сяброўкі Гарбуновай даведаліся ад ейнага адваката, што з самага першага дня зняволення – 9 лістапада – актывістка нічога не есць, толькі п’е ваду. Пры гэтым жанчына кажа, што адчувае сябе нармальна і дзякуе ўсім за падтрымку.
Сваякі змаглі перадаць Вользе толькі лекі – больш у іх нічога не прынялі, нават цёплыя рэчы. У Вольгі з сабой цёплага – толькі адна кофта. У камеры халодна, няма матрацаў і коўдраў, сродкаў гігіены.
Вольга Гарбунова – вядомая фемактывіста, была кіраўнічка прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава». Яе затрымалі 9 лістапада бягучага году як падазраваную паводле арт.342 КК РБ («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Да 19 лістапада Вользе павінны прад’явіць абвінавачванне альбо адпусціць.
ГГ, belsat.eu