Мінадукацыі абяцае, што з украінскім дыпломам можна будзе працаваць у Беларусі. Пасля яго пацвярджэння


17 кастрычніка беларускі ўрад спыніў дзеянне пагаднення з Украінай аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і вучоных званнях. Адпаведнае паведамленне з’явілася на партале Pravo.by і ўжо набыло моц. Разбіраліся, што гэта значыць. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: konstruktiv-news.com

Пачынаючы з дня прыняцця пастановы № 689 (17 кастрычніка) пагадненне паміж Беларуссю і Украінай, якое дзейнічала цягам 25 гадоў (з 1998 года), страціла сілу. Гэта значыць ў Беларусі не будуць прызнавацца украінскія дыпломы, навуковыя ступені, званні.

Нагадаем, што першым рашэнне аб спыненні гэтага пагаднення прыняў у аднабаковым парадку ўкраінскі бок, яшчэ ў красавіку 2022 года.

Што кажуць у Міністэрстве адукацыі

Што гэта значыць для амаль 160 тысячаў украінцаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, або нават беларусаў, якія атрымлівалі адукацыю на тэрыторыі Украіны, мы вырашылі пацікавіцца ў Міністэрстве адукацыі.  Пад відам занепакоенага грамадзяніна мы патэлілі туды. Дзіўна, але з цяжкасцю мы знайшлі тых, хто ведаў адказ пытанне, ці не ператварыліся з 17 кастрычніка ў «гарбузы» украінскія дыпломы і навуковыя ступені.

У выніку нам адказалі, што грамадзянам Украіны можна будзе прыязджаць з украінскімі дыпломамі, адзінае, што працэдуру прызнання дакумента трэба будзе праходзіць у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы (РІВШ). На дадзены момант, зазначылі ў міністэрстве, інфармацыі пра тое, як у інстытуце будуць праводзіць працэдуру прызнання дыпломаў, няма.

«Але гэта не значыць, што дакументы не будуць прызнавацца», – падкрэслілі ў Мінадукацыі.

Пры гэтым наша суразмоўніца адзначыла, што «ёсць жа іншыя краіны, з якімі не было такой дамовы», як з Украінай.  Калі грамадзяне гэтых краін прыязджалі, то ў РІВШ праводзілася працэдура прызнання дакумента, пасля чаго выдавалася спецыяльная даведка аб прызнанні дакумента.

Здымк мае ілюстрацыйны характар. Міністэрства адукацыі.
Фота: president.gov.by

Што ж датычыцца тых украінцаў, якія ўжо працуюць у Беларусі і якім пры змене працы таксама можа быць патрэбны дыплом, то супрацоўніца Мінадукацыі адказала, што, магчыма, з гэтай нагоды будуць зробленыя нейкія тлумачэнні Міністэрствам замежных справаў.

На сайце РІВШ можна паглядзець апісанне працэдуры прызнання іншаземных дакументаў. Для гэтага патрабуецца заяўка, копія пашпарту, натарыяльна завераная і легалізаваная копія дакумента аб адукацыі, а таксама дадатку да яго, натарыяльна завераны пераклад дакумента аб адукацыі і дадатку да яго, 4 фотаздымкі і дакумент аб аплаце адміністрацыйнай працэдуры. Тэрмін праходжання працэдуры прызнання складае 30 дзён, каштуе яна 0,1 базавай велічыні (3,7 рубля).

Што тычыцца навуковых ступеняў і званняў, то яны павінны будуць прайсці настрыфікацыю. Гэтым у Беларусі займаецца  Вышэйшая атэстацыйная камісія. С правіламі настрыфікацыі можна азнаёміцца на яе сайце.

Тых, хто ўжо працуе, не тычыцца

Мы таксама звярнуліся да эксперта ў галіне адукацыі, навукі і інавацый Андрэя Лаўрухіна, каб высветліць, што, на яго думку, будзе з украінскімі дыпломамі ў Беларусі.

Як мяркуе наш суразмоўца, фармальна гэта не будзе тычыцца людзей, якія ўжо працуюць і ў якіх ужо ёсць прызнанне дыпломаў.

«Напрыклад, выкладчыкі вышэйшай навучальнай установы маюць дыпломы, яны былі прызнаныя, яны маюць дагаворы на 5 гадоў. Зразумела, што ім [дыпломы] не будуць скасаваныя, таму што зваротнай сілы закон не мае. То бок гэта мае дачыненне толькі да тых, хто будзе прыходзіць на працу», – лічыць Андрэй Лаўрухін.

Калі ў ВНУ прыйдзе выкладчык, выкажа жаданне працаваць у ёй і скажа, што ў яго ёсць украінскі дыплом аб вышэйшай адукацыі ці абароненая дысертацыя ва Украіне, то пасля 17 кастрычніка (з моманту, калі пачала дзейнічаць пастанова) гэта, хутчэй за ўсё, будзе праблематычна, мяркуе наш суразмоўца.

Што ж датычыцца прыватнага сектара, то ў гэтай сферы, на думку эксперта, рашэнне будзе за ўладальнікам бізнэсу, яно будзе залежаць ад патрабаванняў да супрацоўнікаў, якія ўладкоўваюцца на працу. «Зразумела, што калі ў вас няма вышэйшай адукацыі, то гэта таксама ўплывае на ўзровень аплаты і статус», – кажа эксперт.

Сродак ціску

Другі момант, на які звярнуў увагу наш суразмоўца, – гэта практыка правапрымянення закона, калі пастанову могуць выкарыстоўваць у якасці рычага ўздзеяння на нейкіх канкрэтных людзей.

«Мы разумеем, што ёсць практыка правапрымянення, калі могуць [выкарыстоўваць гэтую норму] адносна нейкіх асоб ці сацыяльных груп, напрыклад палітычна небяспечных, з пункту гледжання дзяржавы, грамадзянаў. То, канечне, могуць быць такія захады, што будуць апеляваць да гэтага закона і кагосьці звальняць. Напрыклад, выкладчыка, які на пытанне «Чый Крым?» мае неадназначны адказ, ці яшчэ нейкія праявы іншадумства. Канечне, тут могуць лёгка спасылку зрабіць на гэты закон і звольніць чалавека – гэта, я лічу, увогуле не праблема. Мы ведаем шмат прыкладаў, як улады нават у адсутнасць заканадаўчых падстаў рабілі тое, што ім падавалася [мэтазгодным]», – адзначыў Андрэй Лаўрухін.

Hавiны
У Беларусі адмаўляюцца выдаваць атэстаты, дыпломы і іх копіі паводле даверанасцяў
2023.09.29 10:54

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў