Прэзідэнт ЗША заявіў, што наўрад ці ракеты ў бок Польшчы запусцілі з Расеі


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў лідарам краінаў, якія цяпер на саміце G20 на Балі, што ракеты, якія ўдарылі па тэрыторыі Польшчы, наўрад ці вылецелі з боку Расеі. 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Фота: POTUS / Twitter

Пасля экстранай сустрэчы з міжнароднымі лідарамі на Балі прэзідэнт ЗША даў каментар журналістам. На пытанне, ці была ракета выпушчаная з Расеі, Джо Байдэн адказаў:

«Ёсць папярэдняя інфармацыя, якая аспрэчвае тое, што ракету выпусцілі з Расеі. Я не хачу казаць пра гэта, пакуль мы не правядзём поўнага расследавання. Але, мяркуючы з траекторыі, малаверагодна, што яна была выпушчаная з Расеі, але пабачым», – заявіў Байдэн.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама заявіў, што няма дакладных доказаў таго, хто выпусціў ракету, якая ўпала на ўсходзе краіны, паведамляе «Reuters». Дуда сцвярджае, што ўрад у курсе, што цэлы дзень працягвалася ракетная атака Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, але ў іх няма адназначных доказаў таго, хто запусціў ракету, якая ўпала на ўсходзе краіны.

«Вядуцца следчыя мерапрыемствы. Я веру, што следчыя гэта высветляць. Верагодней за ўсё, гэта была ракета расейскай вытворчасці. Але ўсё яшчэ высвятляецца», – распавёў Дуда.

Таксама паведамляецца, што самалёт NATO, які пралятаў у аўторак над паветранай прастораю Польшчы, адсачыў ракету, якая ўпала ў краіне. Пра гэта паведаміў «CNN» вайсковы прадстаўнік Альянсу. Адпаведныя звесткі з радараў перададзеныя NATO і Польшчы, аднак афіцыйны прадстаўнік Альянсу не сказаў, хто запусціў ракету, якая ўпала на тэрыторыі Польшчы, і адкуль яна была запушчаная.

Агенцтва «Associated Press» са спасылкаю на чыноўнікаў ЗША піша, што па Польшчы, магчыма, ударыла ракета ўкраінскай СПА.

«Трое афіцыйных асобаў ЗША заявілі, што, паводле папярэдніх ацэнак, ракета была выпушчаная ўкраінскімі войскамі па расейскай ракеце, што набліжалася, падчас скрышальнага залпу па электраінфраструктуры Украіны ў аўторак. Чыноўнікі гаварылі на ўмовах ананімнасці, бо яны не ўпаўнаважаны абмяркоўваць гэтага пытання публічна», – паведаміла агенцтва.

Hавiны
Расея адмаўляе сваю датычнасць да выбухаў у Польшчы. Зяленскі: Гэта расейскі ўдар па NATO
2022.11.15 23:22

Увечары 15 лістапада польскія медыі пачалі паведамляць пра выбухі каля ўкраінскай мяжы ў паселішчы Пшэводаў Люблінскага ваяводства. Як адзначаецца, упалі дзве ракеты, якія трапілі ў зернесушылкі. Паведамляецца пра гібель дзвюх асобаў. На месцы працуюць паліцыянты, пракуроры і прадстаўнікі арміі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі склікаў тэрміновую нараду Рады нацыянальнай бяспекі і абароны. Ён заклікаў палякаў захоўваць спакой, а польскіх палітыкаў – «да стрыманасці, да адказнасці».

Абноўлена
У Польшчы на мяжы з Украінай два чалавекі загінулі ад выбуху. Медыі: упалі дзве расейскія ракеты
2022.11.15 21:51

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў