Беларускія і расейскія весляры ўпершыню застануцца па-за Алімпіядаю


Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі веславання («World Rowing») прыняў рашэнне дазволіць абмежаванай колькасці спартоўцаў, якія маюць расейскі ці беларускі пашпарт, удзельнічаць у спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных атлетаў у абмежаванай колькасці класаў чаўноў на будучых чэмпіянатах свету.

Беларускія вясляркі.
Фота: noc.by

Іх, як звычайна, у календары тры. Спачатку моладзевы чэмпіянат планеты (U23), які пройдзе з 19 да 23 ліпеня ў балгарскім Плоўдыве. Затым сусветнае першынство для юніёраў, узрост якіх не перавышае 19 гадоў. Яно адбудзецца ў сталіцы Францыі, Парыжы, 2–6 жніўня. І, нарэшце, дарослы чэмпіянат свету, што пройдзе ў сталіцы яшчэ нядаўна «сяброўскай» для Расеі і, адпаведна, Беларусі дзяржавы – Сербіі – з 3 да 10 верасня. Акурат там пачнуць раздаваць пуцёўкі на Алімпіяду. Але вяртанне спартоўцаў будзе ажыццяўляцца ў надзвычай строгіх межах:

  • абсалютная нейтральнасць (адсутнасць сцяга, нацыянальных колераў, гімну, уніформы, эмблемаў);
  • вельмі пільнае даследаванне біяграфічных звестак, якое будзе ажыццяўляцца трэцім бокам, каб гарантаваць, што спартоўцы, якія асацыююцца з арміяй ці вайной у любой форме, або тыя, хто падтрымаў вайну, будуць аўтаматычна выключаныя;
  • з ажыццяўленнем узмоцненага працэсу антыдопінгавага кантролю, які будзе праводзіць незалежнае агенцтва «International Testing Agency» (ITA).

У тым жа рэлізе гаворыцца, што пасля ўварвання Расеі ва Украіну пры падтрыманні Беларусі выканкам Міжнароднай федэрацыі веславання летась прыняў рашэнне прыпыніць удзел расейскіх і беларускіх весляроў у спаборніцтвах пад эгідаю «World Rowing». Але далей сітуацыя для прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў будзе паслабляцца. Зноў жа ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту. Хаця нічога не змянілася. Пуцінская агрэсія ва Украіне працягваецца, і чаму раптам павінна ўзнікнуць лагоднасць да тых, хто няхай і не падтрымлівае вайны, але ніяк не выказваецца для яе асуджэння?

«Паралельна з тым, – гаворыцца ў заяве, – «World Rowing» запусціла кампанію ў падтрыманне розных украінскіх вяслярных камандаў, вымушаных трэнавацца за мяжою. Сусветныя супольнасці весляроў падтрымалі ўкраінскіх спартоўцаў як фінансава, так і матэрыяльна-тэхнічна ўва ўсіх катэгорыях дзеля паспяховага выступу зборнай Украіны ў спаборніцтвах».

Кіраўніцтва «World Rowing», як і некаторыя іншыя міжнародныя федэрацыі, хутка кінулася выконваць рэкамендацыі, выдадзеныя праз год і месяц з нечым пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Ад 28 сакавіка 2023 года, калі былі выпушчаныя рэкамендацыі (6 пунктаў), пры выкананні якіх спартовец можа заявіцца на спаборніцтвы, расейцы некалькі разоў абураліся, што патрабаванні для іх непрымальныя. Гэтак, старшыня камітэту Дзярждумы РФ Дзмітрый Свішчаў адразу выказаўся пра гэтыя ўмовы так: «Бах (Томас Бах, прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту. – Заўв. belsat.eu) неаднаразова заяўляў, што будзе абараняць інтарэсы ўсіх спартоўцаў. Але чым спартоўцы камандавых відаў адрозніваюцца ад тых, хто выступае асабіста? Думаю, асноўная праблема ў тым, што яны не ведаюць, як рэпрэзентаваць нашыя каманды… МАК сам загнаў сябе ў вельмі складаную сітуацыю. Яны не разумеюць цяпер, як сябе паводзіць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Zhang Zhang / Xinhua News Agency / Forum

Падвойная пазіцыя заўсёды шкодная, бо яна хісткая і неаўтарытэтная. І толькі больш блытае і аддаляе ад развязання галоўнага пытання. У гэтым выпадку – заканчэння вайны.

«Не дапусцім агрэсараў на рэгаты, якія праводзяцца ў Літве»

Але ёсць больш моцныя крокі тых, хто не жадае змяняць сваіх цвёрдых пазіцыяў, пакуль ідзе вайна. Гэтак, Літва яшчэ раз падкрэсліла, што забароніць расейцам і беларусам выступаць на спаборніцтвах у сваёй краіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве Літоўскай федэрацыі веславання (LIF). Генеральны сакратар арганізацыі Саўлюс Рытэр недвухсэнсоўна падкрэсліў, што такога рашэння «World Rowing» можна было чакаць.

«Аднак мы будзем строга прытрымлівацца сваёй пазіцыі і не дапусцім агрэсараў на рэгаты, якія праводзяцца ў Літве. Галоўная мэта LIF – як мага болей алімпійскіх пуцёвак на чэмпіянаце свету. Але ўдзел у спаборніцтвах разам з расейцамі і беларусамі – рашэнне кожнага літоўскага спартоўца. Мы не можам прымусіць іх выступаць альбо забараніць гэта. Кожны прыме сваё рашэнне. Думаю, уся спартовая супольнасць цудоўна разумее, што чэмпіянат свету можа вызначыць далейшую кар’еру атлетаў».

А вось чаму Міжнародная федэрацыя веславання памяняла сваё рашэнне менавіта цяпер – незразумела. Бо яна не дапусціла спартоўцаў з Беларусі і Расеі, ці, як больш трапна называюць іх на сайце Літоўскай федэрацыі веславання, «спартоўцаў-агрэсараў», да ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў напрыканцы траўня ў славенскім Блэдзе.

Але цяпер перад расейцамі і беларусамі адкрываюцца некаторыя магчымасці заявіць сваіх. І пры гэтым, вядома, у іх радасці няшмат. Бо нямала абмежаванняў, прытрымлівацца якіх і выконваць адмысловыя ўмовы нацыянальныя федэрацыі Расеі і Беларусі папросту не хочуць, нават ахвяруючы ліцэнзіямі на Алімпіяду.

Гэта тычылася веславання акадэмічнага. А ёсць яшчэ алімпійскае веславанне на байдарках і каноэ. Напрыканцы красавіка Міжнародная федэрацыя каноэ (ICF) дазволіла прадстаўнікам краінаў-агрэсараў браць удзел у сваіх спаборніцтвах. Але амаль месяц таму на гэта прагучала жорсткая рэакцыя Нямецкай федэрацыі каноэ (DKV). У заяве на сайце арганізацыі зазначалася, што «ў сувязі з агрэсіўнай вайной, якую Расея і Беларусь вядуць супраць Украіны з мінулага года, прэзідыум Нямецкай федэрацыі каноэ напісаў ліст у Міжнародную федэрацыю каноэ (ICF) адносна ўдзелу беларусаў і расейцаў у спаборніцтвах на тэрыторыі Нямеччыны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: canoeicf.com

«Нягледзячы на рашэнне, прынятае міжнароднай федэрацыяй, DKV працягвае трымацца рашэння аб выключэнні расейскіх і беларускіх спартоўцаў з міжнародных спартовых падзеяў», – заявіў прэзідэнт DKV Енс Пэрльвіц у гэтым лісце.

«Пасля інтэнсіўных абследаванняў аб’ектаў разам з арганізатарамі комплекснай абароны спартоўцаў, працаўнікоў і гледачоў мы прыйшлі да высновы, што не можам гарантаваць бяспекі мерапрыемстваў, калі на іх будуць прысутнічаць расейцы і/ці беларусы ў якім бы ні было выглядзе. І яны на наш чэмпіянат свету ў Дуйсбурзе (27–30 жніўня) з гэтай прычыны не будуць дапушчаныя ў любым выглядзе: ні індывідуальныя, ні нейтральныя», – падкрэсліў ён.

Непатрэбная канкурэнцыя?

Яскравы прыхільнік Лукашэнкі – галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч – атрымаў належнае, але і не абышоўся без «фэ» ў эфіры праўладных тэлеканалаў:

«Не патрэбная ім канкурэнцыя. Яны проста жадаюць жыць камфортна».

Недалёка адышлі і іншыя падпісанты ліста за Лукашэнку, а значыць, за працяг гвалту і беззаконня ў краіне. Байдарачніца з Хойнікаў Вольга Худэнка смуткуе, што не было замежных збораў, але лічыць «справядлівым не ўблытваць спорт у якія-небудзь палітычныя дзеянні, бо гэта зусім розныя рэчы».

Канаіст Дзмітрый Натынчык упэўнены, што прычына нядопуску вельмі простая: «Яны нас усе ведаюць і баяцца. Таму не хочуць, каб мы бралі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах».

А яшчэ адная прыхільніца рэжыму, срэбная і двойчы бронзавая прызёрка Алімпіядаў па веславанні на байдарцы Марына Літвінчук у тым жа агульным хоры спявае тую самую песню:

«Зборная Нямеччыны, мяркуючы паводле мінулага чэмпіянату свету, мае маленькі шанец узяць квоту алімпійскую, таму яны прыбіраюць беларусак і расяянак, якія могуць ім перашкодзіць».

Пры гэтым, баючыся Лукашэнкі, ніхто на ягоную першачарговую віну ў тым, што на Алімпіядзе ў Парыжы ўпершыню выступіць не ўдасца, зразумела, не наракаў. Як ніхто і не ўзгадаў, што да пачатку вайны такіх абмежаванняў не было. А тым больш ні ў якім разе не мелі права казаць пра тое, што, абараняючы сваю краіну, гінуць і ўкраінскія весляры, а сёлета Федэрацыя каноэ Украіны датэрмінова завяршыла Кубак краіны з прычыны ракетных абстрэлаў Умані, дзе праводзіліся спаборніцтвы. Яны прадугледжвалі адбор спартоўцаў у склад зборнай каманды Украіны для ўдзелу ў Кубку свету 2023 года. Прычым дзеля бяспекі, з увагі на пастаянную пагрозу ракетнай атакі акупантаў, федэрацыя наўмысна затрымлівала інфармацыю аб стартах і выніках спаборніцтваў.

І як маральна пасля гэтага нават проста ўдзельнічаць у адным заездзе з абсалютна абыякавымі да страшных падзеяў беларусамі і расейцамі? Ды яны проста непрабівальныя. У нямецкай і літоўскай вяслярных федэрацыях гэта зразумелі дакладна і адразу, МАК да такога пачуцця яшчэ не дакрочыў.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў