Кувалда ПВК Вагнэра ў школьным музеі. Сілавікі і службовыя асобы Рэчыцы не бачаць праблемы


Прадстаўнікі раённых сілавых структураў Рэчыцы і службовыя асобы адукацыі не бачаць праблемы ў тым, што ў школьным музеі ёсць кувалда, падараваная забойцам з ПВК Вагнэра. Пра гэта яны сказалі журналістам «Белсату».

Кувалда ад баевікоў Групы Вагнэра. 14 сакавіка 2023 года.
Фота: Владимир Габров / VK

16 сакавіка журналісты «Белсату» пад выглядам бацькоў і прадстаўнікоў грамадскасці патэлефанавалі дырэктару рэчыцкай школы, у Следчы камітэт, міліцыю і нават у КДБ і выказалі сваю занепакоенасць з той нагоды, што ў музеі школы ў Рэчыцы зʼявіўся новы экспанат – кувалда ад ПВК Вагнэра. Гэткай жа кувалдай баевікі з гэтай незаконнай вайсковай структуры паказальна караюць смерцю дэзерціраў, якія адмаўляюцца ваяваць супраць Украіны, разбіваючы ім галовы перад відэакамерай. Ніхто з сілавікоў не здолеў даць прававой ацэнкі факту зʼяўлення такога экспаната, а дырэктарка школы нават сказала, што не ведае ўвогуле нічога пра экспанаты са школьнага музею і нават не мае доступу да памяшкання.

Абноўлена
Кіраўнік рэчыцкага «вайскова-патрыятычнага цэнтру» пахваліўся кувалдай ад баевікоў Групы Вагнэра
2023.03.15 20:01

Пад выглядам занепакоеных бацькоў журналісты таксама патэлефанавалі і Уладзіміру Габрову, які перадаў кувалду ў школьны музей. Габроў у адказ заявіў, што, маўляў, у музеі шмат рэчаў, якія могуць выкарыстоўвацца для забойства людзей, напрыклад, вайсковая зброя. Паводле яго, кувалда – «такі ж экспанат, які і іншыя». У тэлефоннай размове Габроў пачаў выказваць агрэсію ў адрас суразмоўцы і сарваўся на нецэнзурную лаянку.

Сюжэт з журналісцкім расследаваннем быў у эфіры тэлеканалу 16 сакавіка. Яго можна паглядзець у гэтым відэа.

Пра зʼяўленне недапушчальнага з гледзішча маралі экспаната ў школе ў Рэчыцы стала вядома 15 сакавіка. Тады «Белсат» паведаміў, што кіраўнік гэтак званага вайскова-патрыятычны цэнтру спецыяльнага рыхтавання дапрызыўнай моладзі «Скіф» і прарасейскі актывіст Уладзімір Габроў перадаў у школьны музей у Рэчыцы новы экспанат – кувалду ПВК Вагнэра з подпісам аднаго з баевікоў. Пазней высветлілася, што такі падарунак Габроў  атрымаў ад свайго сябра Мікалая Будзька – камандзіра 4-га штурмавога атраду ў Групы Вагнэра. Будзько адказны за жорсткае забойства з катаваннем і здзекамі бяззбройнага сірыйца ў 2017 годзе.

Hавiны
Кувалду «Вагнэра» школе Рэчыцы падарыў злачынца, які загадаў катаваць і забіць сірыйца
2023.03.16 10:05

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў