Ужо 862. Палітвязнямі прызналі яшчэ 19 чалавек


Праваабаронцы працягваюць аналізаваць крымінальныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень».

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: Белсат

Пяць беларускіх праваабарончых установаў прынялі супольную заяву аб прызнанні 19 чалавек палітычнымі зняволенымі. Заяву апублікавала «Вясна».

У спіс палітвязняў дадалі абвінавачаных, зняволеных або асуджаных паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»): Івана Ніканава, Яўгена Хар’янава, Уладзіслава Верасава, Івана Дуброўскага, Віктара Кухарчука, Максіма Несцяровіча, Вольгу Гарбунову, Марка Васількова, Уладзіміра Жолабава, Яўгена Марынца, Аляксандра Русецкага, Аляксея Русецкага, Паўла Грышкевіча, Ягора Кузьміна, Артура Эшбаева. А таксама Вадзіма Цагельніка (арт. 342 і арт 369 КК РБ – «Абраза прадстаўніка ўлады»), Андрэя Трусава (арт. 342 і ч. 1 арт. 328 КК – другі за захоўванне 2 г марыхуаны, якія былі выдадзеныя перад ператрусам), Аляксея Іванісава (арт. 342 і ч. 1 арт. 339 КК – «Хуліганства») і Арцёма Андрасюка (асуджаны паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ на абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, пачаў адбываць пакаранне).

Праваабаронцы па-ранейшаму сцвярджаюць, што выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў, не прызнаных міжнароднай супольнасцю дэмакратычнымі і справядлівымі. Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем гвалту, спецсродкаў і зброі.

Па-ранейшаму праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных (іх ужо 862), а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў