Замест «імпартанезалежнасці» Беларусь скацілася ў большую залежнасць ад гандлю з Расеяй


Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заклікаў да «імпартанезалежнасці і тэхналагічнага суверэнітэту» – але не Беларусі, а «саюзнай дзяржавы з Расеяй». Статыстыка вонкавага гандлю ўскосна сведчыць, што Беларусь толькі павялічвае залежнасць ад усходніх суседзяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагоны таварнага цягніка загружаныя металам. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за студзень-сакавік 2023 года абарот вонкавага гандлю таварамі ў Беларусі склаў 20,3 млрд долараў, што на 14,2 % больш за тыя месяцы 2022 года. Экспарт вырас на 12,6 %, імпарт – на 15,8 %. Сальда гандлю таварамі і паслугамі жа дадатнае, плюс $ 242,8 млн.

Імаверна, добрыя лічбы сёлета звязаныя з абвалам гандлю ў першыя месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне: калі лічыць толькі студзень і люты (напад пачаўся 24 лютага 2022 года), то экспарт у 2023 годзе быў на 0,5 % меншы, чым годам раней, а імпарт – на 1,4 % большы. З лютага па сакавік 2022 года экспарт упаў на адну пятую, імпарт – на адну чацвёртую.

Па краінах Садружнасці незалежных дзяржаў (Расея, Малдова, Арменія і дзяржавы Сярэдняй Азіі) зварот тавараў за першы квартал 2023 да 2022 вырас на 9,5 %, экспарт вырас аж на 26,1 %, імпарт жа ўпаў на 5,2 %. З краінамі па-за СНД сітуацыя адваротная: хоць зварот павялічыўся на 22,3 %, экспарт упаў на 7,9 %, а імпарт падскочыў на 55,7 %.

Дэталёвых звестак аб тым, з якімі краінамі гандлюе Беларусь, даўно не публікуюць. Ды ёсць падставы меркаваць, што «перакос» у бок Расеі расце. Так, па словах прэм’ера, за студзень-сакавік 2023 года гандлёвы зварот Беларусі і Расеі вырас на 22 %, «дынаміка захоўваецца». Да 2020 года ўлады Беларусі імкнуліся зрабіць эканоміку менш залежнай ад адной краіны, дыверсіфікаваць гандаль.

Аналітыка
Вайна, санкцыі і рост цэнаў: што адбываецца з замежным гандлем Беларусі?
2023.04.06 13:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў