ЕЗ вылучыць дадатковае фінансаванне беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным сілам. Пра гэта апавёў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль перад сустрэчаю міністраў замежных справаў ЕЗ са Святланаю Ціханоўскаю.
«У нас шмат праблемаў па ўсім свеце: вайна ў Газе, вайна ва Украіне. Але мы не забываем пра Беларусь і яе народ», – адзначыў Жузэп Бурэль.
Палітык падкрэсліў, што ў ЕЗ ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, таму санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і падтрыманне дэмакратычных сілаў працягнуцца:
«І каб падкрэсліць гэта, я абвяшчу сёння пра дадатковае фінансавае падтрыманне [памерам 30 млн еўраў. – Заўвага belsat.eu] беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным сілам, і разам з нашаю сённяшняй аб’яваю мы дасягнём 140 мільёнаў еўраў з 2020 года. Я ведаю, дарагая Святлана, што гэта кропля ў акіяне патрэбаў беларускага народу і апазіцыі, але мы робім усё магчымае, каб падтрымаць вас».
Бурэль чарговы раз заклікаў рэжым змяніць свае паводзіны.
«Я ведаю, што гэта пропаведзь у пустэльні, і Лукашэнка не захоча мяне слухаць, але ЕЗ і міжнародная супольнасць павінны яшчэ раз паўтарыць гэтую просьбу: спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітычных вязняў і прызначыць свабодныя дэмакратычныя выбары», – сказаў на заканчэнне прадстаўнік ЕЗ.
Арсен Рудэнка belsat.eu