У АБСЕ рэкамендавалі пачаць крымінальны пераслед за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі


11 траўня дакладчык Маскоўскага механізму АБСЕ прафесар Эрвэ Асэнсія прадставіў сталай Радзе АБСЕ свае высновы, сабраныя ў ягонай «Справаздачы аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года».

АБСЕ.
Фота: OSCE

Эрвэ Асэнсія быў прызначаны дакладчыкам 38 дзяржавамі-ўдзельніцамі, якія 23 сакавіка звярнуліся да Маскоўскага механізму АБСЕ з просьбай вывучыць «пагрозы выкананню палажэнняў чалавечага вымярэння, якія ствараюцца парушэннямі правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь».

Сталая рада зʼяўляецца адным з галоўных дырэктыўных органаў АБСЕ і збіраецца штотыдзень у Вене для абмеркавання падзей у рэгіёне АБСЕ і прыняцця рашэнняў аб будучай дзейнасці.

Рэкамендыі для АБСЕ і міжнарожнай супольнасці

Справаздача ў прыватнасці рэкамендуе дзяржавам-удзельніцам АБСЕ:

  • Забяспечыць юрыдычную і тэхнічную падтрымку неабходных рэформаў у Беларусі;
  • Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі з дапамогай нацыянальных, рэгіянальных або міжнародных працэдураў;
  • Правесці расследавання і крымінальны пераслед у адпаведнасці з экстэрытарыяльнай юрысдыкцыяў, уключаючы ўніверсальную юрысдыкцыю;
  • Арганізаваць наведвання цэнтраў утрымання пад вартай і судовых слуханняў для забеспячэння празрыстасці і захавання правоў чалавека;
  • Забяспечыць міжнародную абарону, а таксама дазвол на пражыванне і працу беларусам у выгнанні і дапамогу ў іх інтэграцыі праз адпаведныя праграмы;
  • Разгарнуць місію па назіранні за будучымі выбарамі, каб забяспечыць празрыстасць і справядлівасць.

Міжнароднай супольнасці справаздача рэкамендуе:

  • Падтрымаць ініцыятывы, мэтай якіх з’яўляецца паведамленне і дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці працу Міжнароднай платформы для прыцягнення да адказнасці для Беларусі (IAPB);
  • Наладзіць супрацу ў нацыянальных або міжнародных расследаваннях;
  • Падтрымаць ініцыятывы салідарнасці ў дачыненні да ахвяр беларускіх рэпрэсіяў;
  • Даць дапамогу беларускім арганізацыям, праваабаронцам і журналістам у выгнанні для падтрымання іх дзейнасці за мяжой;
  • Падтрымліваць ініцыятывы, мэтай якіх зʼяўляецца захаванне беларускай мовы і культуры за мяжой.

Вызваліць палітвязняў і дазволіць працу медыяў

Вялікі кавалак рэкамендацыяў датычыць і рэжыму ў Беларусі. У прыватнасці, справаздача ў межах Маскоўскага механізму заклікае неадкладна вызваліць палітвязняў, перадусім людзей з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем ці хранічнымі захворваннямі, абмежаванымі магчымасцямі, непаўналетніх, пажылых людзей, людзей з дзецьмі або самотных бацькоў.

Таксама ад рэжыму патрабуюць неадкладна даць максімальна поўны доступ да неабходных лекаў і догляду для ўсіх асобаў у месцах пазбаўлення волі. Ім неабходна забяспечыць годныя ўмовы ўтрымання пад вартай і праводзіць навучанне персаналу цэнтраў утрымання пад вартай міжнародным мінімальным стандартам абыходжання са зняволенымі. Асобам у зняволенні неабходна забяспечыць доступ да адвакатаў і спатканні ды стасункі са сваякамі.

Hавiны
УВКПЧ ААН бачыць у падзеях у Беларусі прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці
2023.03.18 10:22

Дакумент рэкамендуе правесці буйнамаштабную рэформу заканадаўства, каб прывесці Крымінальны кодэкс Беларусі і КаАП у поўную адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі. Таксама неабходна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і пазбаўленне грамадзянства да правядзення комплекснай рэформы.

Масавыя акцыі мусяць праводзіцца паводле паведамляльнага парадку, а не пасля папярэдняга дазволу ўладаў.

Механізм рэкамендуе скараціць выкарыстанне закрытых судоў, дазволіць працу адвакатам, пазбаўленым ліцэнзіі з палітычных прычынаў, і забяспечыць іх незалежнасць. Таксама неабходна адмяніць законы і пастановы, якія абмяжоўваюць стварэнне і дзейнасць грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў і партыяў, забяспечыць свабоду працы журналістаў і медыяў, даць ім доступ да розных крыніц інфармацыі. Таксама дакументу заахвочвае рэжым спрыяць захаванню беларускай мовы і культуры.

Не дапускаць агрэсіі са сваёй тэрыторыі

Апроч таго, справаздача заклікае рэжым аднавіць супрацу з міжнароднымі арганізацыямі і дазволіць уезд экспертных місіяў у Беларусь, дазволіць наведванне прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў і замежных дзяржаў месцаў зняволення.

Таксама ад Менску чакаюць, што ён дазволіць АБСЕ накіраваць місію ў Беларусь на бліжэйшыя муніцыпальныя і парламенцкія выбары, паўторна ратыфікуе першы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту да грамадзянскіх і палітычных правоў ды не дазволіць агрэсію іншых дзяржаваў са сваёй тэрыторыі

Апроч таго, рэжыму рэкамендуюць забяспечыць магчымасць падаўжэння пашпартоў беларусаў, якія пражываюць за мяжой, і ўстрымлівацца ад любой дыскрымінацыі беларусаў у выгнанні.

Азнаёміцца з поўным тэкстам справаздачы можна па спасылцы.

Рэжыму справаздача не спадабалася

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ раскрытыкавала заявы справаздачы ў рамках «Маскоўскага механізму» як «палітычна матываваныя, прадузятыя і юрыдычна нікчэмныя», перадае БелТА.

«Размаўляючы з Беларуссю напышлівай мовай разбуральных санкцый, ізаляцыі і ціску, бяздумна адмаўляючыся ад адказнага дыпламатычнага пошуку кампрамісу, калектыўны палітычны Захад уласнаручна пазбавіў сябе магчымасці быць пачутым беларускімі ўладамі», – заявілі беларускія дыпламаты.

Паводле іх, «адзіным вынікам такой акцыі будзе толькі яшчэ большае адчужэнне бакоў і падрыў магчымасці хуткага аднаўлення міждзяржаўнага дыялогу».

Амбасадар ЗША: Беларусь будзе вольнай

Каментуючы справаздачу амбасадар ЗША пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр адзначыў, што рэжым Лукашэнкі помсціць беларусам за масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, а рэформы ў Беларусі больш падобныя да «орўэлаўскіх» [відаць, вядзецца пра кнігу «1984» Джорджа Орўэла. – рэд. Belsat.eu]. Амбасадар падкрэсліў, што як падпісант Капэнгагенскага дакументу 1984 года і як чалец ААН Беларусь мусіць абараняць правы чалавека і паважаць Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека.

«Аднак лічбы кажуць пра іншае. Улічваючы, што на сённяшні дзень каля 1500 палітычных зняволеных і больш за 120 скаргаў на Беларусь, накіраваных у Камітэт ААН па правах чалавека за апошнія два гады, Беларусь атрымлівае больш за ўсё скаргаў з любой краіны ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да МПГПП», – адзначыў Карпэнтэр.

Паводле яго, рэпрэсіі ў Беларусі «адбываюцца на рэгулярнай аснове, уключаючы рэгулярнае ўжыванне катаванняў у дачыненні да затрыманых; бесчалавечныя і прыніжаюць годнасць умовы ўтрымання ў турмах; беспакаранасць за злоўжыванні і парушэнні правоў чалавека; а таксама адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і справядлівых судовых разглядаў».

«На жаль, рэжым Лукашэнкі яшчэ больш апусціўся да статусу ізгоя. Для ганарлівай краіны, якая так моцна пацярпела падчас кампаній Другой сусветнай вайны і пры савецкай уладзе, і для грамадства, якое так смела выказвала сваю нацыянальную ідэнтычнасць і грамадзянскую самасвядомасць, проста немагчыма бачыць, як простыя грамадзяне былі раздушаныя ботам паліцэйскай дзяржавы Лукашэнкі. Намаганні рэжыму па знішчэнні любых слядоў незалежнай грамадзянскай супольнасці або незалежнага мыслення вяртаюць краіну ў цемру мінулага, а не ў светлую будучыню, якая магла б быць у яе, калі б паважаліся пажаданні яе народу», – заявіў амбасадар ЗША.

Ён заклікаў прыцягнуць да адказнасці ўсіх тых, хто парушаў правы чалавека сваіх суграмадзянаў. Ды выказаў упэўненасць, «што дэмакратычныя сілы Беларусі, узначаленыя Святланай Ціханоўскай, мірным шляхам пракладуць шлях да больш гуманнай, дэмакратычнай будучыні для сваёй краіны».

«Аднойчы Беларусь будзе вольнай. Пытанне ў тым, колькім людзям прыйдзецца пацярпець, перш чым гэты дзень надыдзе?» – заключыў дыпламат.

Аналітыка
Візіт Ціханоўскай у ЗША. Ці дапаможа Захад дастаць ножку з-пад крэсла Лукашэнкі?
2023.03.24 22:19

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў