Лукашэнка заявіў, што Расея выдзеліць Беларусі каля $1,5 млрд на імпартазамяшчэнне


Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Раманам Старавойтам заявіў, што ў Беларусі ёсць неабходныя рэсурсы для ўдзелу ў расейскіх праграмах імпартазамяшчэння. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.

«З прэзідэнтам Пуціным нядаўна прынялі такое рашэнне. З нашага боку мы прапанавалі расейцам канкрэтныя праекты, якія вельмі патрэбны і будуць у бліжэйшы час запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і ў Расейскай Федэрацыі.

Расейцы выдзяляюць каля паўтара мільярда долараў на гэтыя праграмы толькі на тэрыторыі Беларусі. Мы разумеем, што без імпартазамяшчэння, асабліва па крытычных галінах, так званаму крытычнаму імпарту, нам будзе вельмі складана развівацца», – падкрэсліў Лукашэнка.

Лукашэнка пры гэтым не ўдакладніў, пра якія канкрэтна праекты ідзе гаворка і ў якія тэрміны іх плануецца рэалізаваць.

Раней Уладзімір Пуцін паабяцаў Лукашэнку выдзеліць сродкі на імпартазамяшчальныя праекты, але суму і ўмовы фінансавання не агучваў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў