Падчас украінскага наступу на Данбасе 19 верасня ўкраінскія войскі ўзялі ў палон грамадзяніна Беларусі, 6 кастрычніка Служба бяспекі Украіны і Офіс генеральнага пракурора Украіны паведамілі, што палоннага падазраюць у найміцтве.
Паводле «Нашай нівы», на фота – грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон ва Украіне.
Фота: nashaniva.com
Вось што вядома з украінскіх крыніцаў пра беларускага палоннага:
- Гэта першы выпадак, калі грамадзяніну Беларусі выстаўляюць ва Украіне абвінавачванні ў «Найміцтве», ва ўдзеле ў вайне ва Украіне на баку Расеі.
- Беларус, як мяркуюць, ваяваў у складзе падраздзялення «Ветэран» расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». Ён сам выйшаў на расейскіх баевікоў у ліпені 2022 года, 19 ліпеня падпісаў кантракт на працу кулямётчыкам, а ўжо 21 ліпеня прыбыў у Ізюм Харкаўскай вобласці і пачаў ваяваць. У жніўні яго перадыслакавалі ў Сватава Луганскай вобласці, потым у Карові Яр Ліманскага раёну Данецкай вобласці. Таксама ён ваяваў у Краснаполлі, але ў якім менавіта, не ўдакладняюць: ва Украіне не менш за 10 паселішчаў з такой назвай.
- 19 верасня ён трапіў у палон блізу сяла Яцкаўка Ліманскага раёну Данецкай вобласці, то бок праваяваў менш за два месяцы.
- Імя палоннага не назвалі, але на відэа Збройных сілаў Украіны паказалі ягонае фота, а таксама сказалі, што яму 22 гады. «Наша ніва» сцвярджае, што палонны – Максім Зязюльчык, які вучыся ў агратэхнічным каледжы ў Мар’інай Горцы, потым служыў у адной з частак сілаў спецыяльных аперацыяў.
- Ягоныя дзеянні кваліфікавалі як «Найміцтва» паводле ч. 4 арт. 447 КК Украіны, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
- За вайну ва Украіне расейскія баевікі абяцалі беларусу штомесяц $ 3600, за інваліднасць – «100-адсоткавую надбаўку».
- «Рэдут» да поўнамаштабнай вайны рэдка трапляў у навіны (у адрозненне ад Групы Вагнэра) і займаўся «замежнай аховай», але з пачаткам поўнамаштабнай вайны заняўся «поўнамаштабнымі забойствамі».
Hавiны
Беларускі добраахвотнік заклікаў Святлану Ціханоўскую паспрыяць вызваленню беларусаў з расейскага палону
2022.10.06 16:25
Алесь Наваборскі belsat.eu