Новыя лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея


Колькасць забітых і параненых у вялікай вайне паміж Расеяй і Украіны ідзе ўжо на дзясяткі тысяч. Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра чалавечыя страты на чацвёртым месяцы канфлікту.

Страты расейскай арміі

За ўвесь час баявых дзеянняў Міністэрства абароны РФ афіцыйна толькі двойчы агучыла сваю версію ваенных стратаў. 2 сакавіка, праз шэсць дзён вайны, было заяўлена, што загінулі 498 расейскіх вайскоўцаў і яшчэ 1597 атрымалі раненні. 25 сакавіка паведамлялася пра 1351 загінулага і 3825 параненых.

Гэтыя звесткі Мінабароны былі апрыёры не поўнымі, бо ў ведамстве казалі менавіта пра вайскоўцаў Узброеных сілаў. Пра страты так званых прыватных вайсковых кампаніяў, а таксама падраздзяленняў «ДНР» і «ЛНР» гаворкі не было. Страты Расейскай гвардыі, імаверна, таксама сюды не ўключылі. Але нават гэтыя моцна заніжаныя лічбы настолькі разыходзіліся з рыторыкай афіцыйнай прапаганды пра паспяховую «спецыяльную ваенную аперацыю», што ўлады Расеі вырашылі больше не называць лічбаў зусім. Нядаўна ў Дзярждуме патлумачылі гэтае маўчанне тым, што расейская армія нібыта «практычна перастала несці страты».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласці, Украіна.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Нягледзячы на абсурднасць фармулёўкі, варта прызнаць: расейскія страты ў апошнія месяцы, хутчэй за ўсё, знізіліся. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк у інтэрвю «Медузе» 3 чэрвеня адзначыў, што ў першыя паўтара месяцы расейцы ваявалі, «абсалютна не разумеючы, што робяць». У гэты манеўраны перыяд баявых дзеянняў у іх магло гінуць да тысячы чалавек у дзень. Але потым расейская армія змяніла тактыку. Паводле Падаляка, на фронце цяпер ідуць пазіцыйныя баі і штодзённыя страты расейцаў «прыкладна супастаўныя» з украінскімі – яны ў дзень губляюць па 100-200 чалавек загінулымі і 600-700 параненымі.

«На мой погляд, сёння сукупныя страты ПВК і расейскай арміі разам з санітарнымі стратамі (параненыя, забітыя, пакалечаныя) – гэта каля 80 тысяч», – падкрэсліў Падаляк.

Аналітыка
Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны
2022.06.03 08:30

Вялізарныя страты Расеі менавіта на першым этапе вайны пацвярджаюцца рознымі незалежнымі ацэнкамі. Аўтарытэтны журналіст-расследавальнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў заяўляў, што яшчэ на дзень 4 сакавіка беззваротныя страты расейскіх сілаў ва Украіне маглі дасягаць 10 тысячаў чалавек. Амерыканскае выданне «The New York Times» у артыкуле ад 17 сакавіка паведаміла са спасылкаю на свае крыніцы ў спецслужбах, што з пачатку ўварвання ва Украіну Расея страціла забітымі больш за 7 тысячаў чалавек і ад 14 да 21 тысячы параненымі.

Брытанская выведка ў зводцы ад 15 траўня паведаміла, што Расея страціла забітымі і параненымі траціну групоўкі, якая ўдзельнічалі ва ўварванні – першапачаткова яна налічвала не менш за 150 тысяч чалавек. За тры тыдні да гэтага брытанцы ацэньвалі расейскія страты толькі загінулымі ў 15 тысяч чалавек. Прычым брытанская выведка асабліва звяртае ўвагу на вялізарныя страты сярод афіцэраў сярэдняга і малодшага звяна. Акрамя таго, паводле выведкі ЗША, загінулі ад 8 да 10 расейскіх генералаў.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны 6 чэрвеня паведамілі, што з пачатку канфлікту Расея страціла каля 31 250 чалавек. «Белсат» раней ужо звяртаў увагу на тое, што большасць медыяў выкарыстоўваюць панятак «страцілі» як сінонім слова «загінулі», хаця гэтае тлумачэнне зусім не відавочна. Украінскі Генеральны штаб не адрознівае забітых, параненых і палонных, што пакідае пэўную прастору для інтэрпрэтацыі гэтых лічбаў – нельга выключаць, што ў афіцыйную статыстыку трапляюць і іншыя беззваротныя страты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Развітанне з украінскім салдатам Валянцінам Звірыкам, які быў забіты супрацьтанкавай мінай падчас разведвальнай місіі ў Харкаўскай вобласці.
Фота: EDGAR SU / Reuters / Forum

Заява Падаляка наконт агульных стратаў расейскага боку (каля 80 тысяч) таксама на гэта ўказвае. Вядома, што існуе заканамернасць для любых ваенных канфліктаў: колькасць параненых заўсёды перавышае колькасць забітых мінімум у 3-4 разы. То бок калі расейская армія страціла толькі забітымі больш за 31 тысячу, то атрымаць раненні мусілі каля 100 тысяч чалавек.

Аднак у любым выпадку гаворка ідзе пра самыя маштабныя баявыя страты з часоў Другой сусветнай вайны. Напрыклад, у Афганістане за 9 гадоў і 2 месяцы вайны СССР страціла забітымі 15 тысячаў чалавек. Падчас Першай чачэнскай вайны, якая цягнулася каля 20 месяцаў, Расея афіцыйна страціла забітымі 5732 асобы, падчас Другой чачэнскай – ад 4,5 да 6 тысяч.

Актуальнай афіцыйнай інфармацыі пра колькасць расейскіх палонных няма. Украінская віцэ-прэмерка Ірына Вэрэшчук у сярэдзіне красавіка заявіла пра прыкладна 700 палонных. У які бок змянілася гэтая лічба з таго часу сказаць складана: у наступныя тыдні расейцы не толькі траплялі ў палон, але і вярталіся на радзіму ў выніку абмену.

Аналітыка
Што чакае абаронцаў «Азоўсталі», якія трапілі ў палон
2022.05.24 13:08

Страты ўкраінскай арміі

Пасля першага дня вайны, 24 лютага, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра гібель 137 вайскоўцаў, яшчэ 316 атрымалі раненні. Амаль праз тры тыдні, 13 сакавіка, Зяленскі заявіў журналістам, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання загінулі каля 1300 украінскіх вайскоўцаў. У сярэдзіне красавіку Зяленскі ў інтэрвю CNN ацаніў украінскія страты ў 2,5-3 тысячы чалавек. Яшчэ каля 10 тысяч атрымалі раненні.

Пасля гэтага афіцыйны Кіеў ні разу не агучваў звесткі наконт уласных ваенных стратаў у абсалютных лічбах. Аднак у апошнія тыдні прэзідэнт Украіны двойчы выказаўся наконт штодзённых стратаў ЗСУ, што дазваляе хаця б прыкладна ацаніць агульныя маштабы.

1 чэрвеня ў інтэрвю «Newsmax» Уладзімір Зяленскі заявіў, што цяпер на фронце вельмі складаная сітуацыя: у дзень у баях гінуць прыкладна 60-100 украінскіх жаўнераў і каля 500 чалавек атрымліваюць раненні. Прыкладна тыя ж штодзённыя лічбы загінулых на ўсходзе краіны ён назваў на брыфінгу 22 траўня: ад 50 да 100 чалавек. Гэтыя ацэнкі 3 чэрвеня пацвердзіў у інтэрв’ю «Медузе» Міхайла Падаляк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Луганская вобласць, Украіна.
Фота: Serhii Nuzhnenko / Reuters / Forum

Зразумела, што інтэнсіўнасць баёў цягам больш чым 100 дзён ваеннага канфлікту была вельмі рознай. Зяленскі не ўдакладніў, на працягу якога перыяду ўкраінскі бок нясе такія штодзённыя страты. Сыходзячы з кантэксту, імаверна, ён меў на ўвазе менавіта цяперашнюю фазу баявых дзеянняў, калі расейская армія перахапіла ініцыятыву ў бітве за Данбас. Але ад якой даты весці адлік гэтай фазы таксама не зусім зразумела. Вядома, што сітуацыя для ўкраінскага боку стала істотна пагаршацца прыкладна з 8-10 траўня – тады расейцы змаглі захапіць Папасную і прарваць фронт. Калі браць за кропку адліку гэтыя даты і зыходзіць з таго, што ЗСУ нясуць страты ў 60-100 чалавек забітымі і да 500 параненымі, то значыць толькі за апошнія чатыры тыдні Украіна магла страціць 1680-2800 вайскоўцаў забітымі і да 14 тысяч параненымі.

Калі згадаць пры гэтым звесткі, агучаныя ў інтэрвю CNN, то атрымліваецца, што па самых мінімальных падліках баявыя страты Украіны маглі скласці ад 4,1 да 5,8 тысяч забітымі і да 24 тысяч параненымі. Але па факце лічбы мусяць быць вышэйшымі, бо гэтыя падлікі не ахопліваюць страты ў другой палове красавіка і пачатку траўня.

Да таго ёсць яшчэ адна катэгорыя стратаў – палонныя. Віцэ-прэмерка Ірына Вэрэшчук у сярэдзіне красавіка заяўляла, што ў расейскім палоне знаходзяцца каля 700 украінскіх вайскоўцаў. Пасля гэтай заявы адбылося яшчэ некалькі лакальных абменаў, але агульная колькасць палонных усё роўна мусіла вырасці. Пасля завяршэнне абароны «Азоўсталі» Мінабароны РФ абвесціла пра захоп 2439 украінскіх вайскоўцаў. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны лічыць, што лічбы Мінабароны РФ могуць быць моцна завышаныя, але палонных у любым выпадку мусіла быць шмат. У папярэднім дакладзе брытанскай выведкі колькасць палонных абаронцаў «Азоўсталі» на раніцу 20 траўня ацэньвалася прыкладна ў 1700 вайскоўцаў.

Мінабароны РФ 28 траўня заяўляла, што агульныя беззваротныя страты ўкраінскага боку нібыта складаюць 23 367 чалавек (беззваротныя страты – гэта не толькі забітыя, але і палонныя, зніклыя без вестак і тыя, хто атрымаў раненні несумяшчальныя з далейшай службай).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочы нясе крыж пасля эксгумацыі цела Іны Бобрынцавай, якая загінула падчас расейскага абстрэлу. Харкаў, Украіна.
Фота: Ivan Alvarado / Reuters / Forum

Страты сярод цывільных

Улады Украіны не публікуюць агульных лічбаў стратаў сярод цывільнага насельніцтва. Рэгулярна агучваюцца толькі звесткі пра загінулых і параненых дзяцей. Паводле Офісу генеральнага пракурора Украіны, станам на 4 чэрвеня загінула 231 дзіця, больш за 465 атрымалі раненні.

Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) станам на 3 чэрвеня заяўляла пра 4183 пацверджаныя выпадкі гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Але звесткі OHCHR далёка не вычарпальныя – іх варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную планку, што фактычна прызнаюць самі аўтары. Рэальныя лічбы стратай будуць значна вышэйшымі. Толькі ў Марыупалі ў выніку аблогі і амаль трохмесячных баёў, паводле мясцовых уладаў, маглі загінуць каля 22 тысячаў мірных жыхароў.

Аналітыка
Колькі мірных жыхароў загінулі ва Украіне з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі?
2022.05.09 16:54

***

«Белсат» у папярэдніх матэрыялах на гэтую тэму ўжо падкрэсліваў, што падчас баявых дзеянняў амаль немагчыма разлічваць на дакладныя звесткі пра страты бакоў. Гэта тлумачыцца як аб’ектыўнымі фактарамі (брак інфармацыі ва ўмовах баявых дзеянняў), так і субектыўнымі (жаданне перабольшыць страты праціўніка і прыменшыць уласныя). Аднак варта памятаць, што Украіна – дэмакратычная дзяржава, а Расея – аўтарытарная дыктатура. Пры аўтарытарызме магчымасцяў для маніпуляцыі звесткамі значна больш праз закрытасць дзяржаўнай сістэмы, адсутнасць свабоднага парламенту і незалежнай прэсы.

Здымак вокладкі: Reuters / Forum

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў