Беларускім салдатам пасля звальнення ў запас абмяжоўваюць выезд за мяжу. Навошта? Ці законна гэта?


Мы атрымалі некалькі паведамленняў ад нашых чытачоў з наступным зместам: у Беларусі салдатам, якія заканчваюць тэрміновую службу, выдаюць позву з пазнакаю, што цягам шасці месяцаў ім забаронена выязджаць з краіны, змяняць нумар тэлефона і адрас пражывання. Яшчэ ўвесну такіх папераў не давалі. Мы запыталі юрыста, сябра Каардынацыйнай рады, аўтара ўласнага тэлеграм-каналу Міхаіла Кірылюка, наколькі такія абмежаванні законныя і пра што яны могуць сведчыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Цягам 24 гадзінаў абавязаныя прыйсці ў частку, інакш дастаўкаю зоймецца МУС»

Чытач, які назваў сябе салдатам тэрміновай службы, што звольніўся ў запас на мінулым тыдні, распавёў нам, як напярэдадні звальнення яго, а таксама іншых асобаў завялі ў канцылярыю вайсковай часткі і пазнаёмілі з распіскамі, якія забараняюць змяняць месца жыхарства і нумар тэлефона.

«Цягам 24 гадзінаў пасля паступлення званка ад камандзіра часткі будзем абавязаныя з’явіцца ў частку. У адваротным выпадку дастаўкаю зоймецца МУС, – распавёў чытач. – Таксама вусна папярэдзілі, што любы выезд за мяжу, у тым ліку ў Расею, мусіць быць узгоднены з камандзірам часткі. Як нам растлумачылі афіцэры ў канцылярыі, такія распіскі ёсць аналагам позвы: у выпадку мабілізацыі цяпер няма сэнсу чакаць атрымання позвы на рукі, дастаткова званка на мабільны».

Чытач пытаецца: наколькі законныя такія позвы?

«Усім адразу выдаюць мабілізацыйную позву, згодна з якой, калі што, цягам 24 гадзінаў яны мусяць з’явіцца ў частку. Паўгода не маюць права пакідаць тэрыторыю РБ, змяняць месца жыхарства і нумар тэлефона», – распавядаюць сваякі аднаго з салдатаў тэрміновай службы.

«Майму сыну застаўся месяц адслужыць. Сёння падпісалі паперу пра ўсе гэтыя абмежаванні на паўгода», – гаворыцца ў чарговым паведамленні.

Маці аднаго з дэмабілізаваных непакоіцца, як шукаць працу пасля арміі, калі штомомант могуць паклікаць назад:

«Кажуць, пасля дэмабілізацыі гэткі «мабілізацыйны перыяд» працягнецца ад 1 да 6 месяцаў. І калі цягам гэтага часу цябе выклікаюць у ваенкамат, ты павінен з’явіцца максімум праз 23 гадзіны і быць гатовы ехаць на зборы. Як з такім пасля арміі шукаць працу? Хто ўвогуле захоча такіх працаўнікоў наймаць? Гэта проста 6 месяцаў жыць на парахавой бочцы».

Ёсць закон ці няма – сёння ў Беларусі не мае ніякага значэння

Пытанні чытачоў мы перадалі юрысту, сябру Каардынацыйнай рады Міхаілу Кірылюку. Ён не чуў аб прыняцці нейкага закону, які б забараняў выязджаць за мяжу і нават мяняць месца жыхарства пасля звальнення ў запас, аднак ёсць закон ці яго няма – сёння ў Беларусі не мае ніякага значэння, падкрэслівае юрыст:

«Апошнія два гады мы жывем у сітуацыі неабвешчанага ваеннага становішча. Калі Лукашэнку будзе трэба, то будуць даваць такія позвы, прымушаць у іх распісвацца, а тых, хто будзе адмаўляцца, будуць саджаць у турмы. Хоць відавочна, што гэта абсалютна незаконна».

Незаконны любы закон ці ўказ, які б забараняў выязджаць з краіны, змяняць месца жыхарства, і не мае значэння, хто яго прыме – Лукашэнка ці Палата прадстаўнікоў.

«Такія забароны не адпавядаюць праву і міжнародным дамоўленасцям Беларусі, – зазначае спадар Міхаіл. – Нашая краіна падпісала Дэкларацыю правоў чалавека, калі ўступала ў ААН, і забавязалася яе выконваць. А абмежаванне свабоды перасоўвання супярэчыць і гэтай дэкларацыі, і Канстытуцыі Беларусі – нават той, якая была прынятая на апошнім незаконным рэферэндуме ў лютым 2022 года. Няма законнай падставы абмяжоўваць правы беларусаў на выезд, бо так захацелася ваенкаму».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Калі салдат адслужыў, пасля звальнення ў запас ён – вольны чалавек, падкрэслівае наш суразмоўца. Могуць выклікаць на зборы ці прызваць у выпадку абвяшчэння ваеннага становішча. Забараняць запасніку выязджаць за мяжу, выбіраць іншае месца жыхарства ўнутры краіны ніхто не можа.

«Парадаў няшмат: уцякаць ці ўступаць у ЗСУ»

Аднак, паводле Міхаіла Кірылюка, супярэчнасць законам у сённяшняй Беларусі не мае ніякага значэння і беларускія суды наўрад ці будуць прымаць спасылкі на Дэкларацыю правоў чалавека і Канстытуцыю як аргумент:

«І я не веру, што, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, такое становішча зменіцца. І калі салдат заўтра пойдзе да ваенкама казаць, што гэта незаконна, і цытаваць яму артыкулы закону, то ваенкам проста скажа: будзеш на соднях гэты закон тлумачыць сукамернікам. Таму для тых, каму даюць падпісаць такія паперы, у мяне парадаў, на жаль, няшмат. Па-першае, можна ўцякаць ці хавацца. Па-другое, калі чалавек хоча абараняць Беларусь і ваяваць на баку Беларусі, я б раіў яму ўступаць у ЗСУ, бо цяпер менавіта там – барацьба за беларускія інтарэсы. А ваяваць за Расею ў гэтай вайне – гэта ісці супраць Беларусі».

Паводле юрыста, усё, што цяпер робіць армія Беларусі, у тым ліку такія мабілізацыйныя позвы, выкліканае расейска-ўкраінскаю вайной, у якой Беларусь бярэ ўдзел:

«Вайна ідзе, і Беларусь у ёй бярэ ўдзел. Пытанне толькі ў тым, у якой ступені і наколькі далей Лукашэнка ўвяжацца ў яе. Я не магу сказаць, наколькі цяперашнія забароны на выезд «запаснікам» выдаюцца пад уплывам мабілізацыі, але адназначна любыя дзеянні беларускіх вайскоўцаў дыктуюцца вайною».

«Legal Hub»: Пра схаваную мабілізацыю казаць пакуль рана

Юрыстка сэрвісу «Legal Hub» распавядае, што ў кастрычніку з Беларусі прыйшла вялікая колькасць зваротаў з пытаннямі аб прызыве ў войска. «Legal Hub» ужо рыхтуе падрабязную памятку з парадамі для патэнцыйных прызыўнікоў. Але, паводле юрысткі, казаць пра схаваную мабілізацыю ў Беларусі пакуль рана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Калі меркаваць з запытаў, якія мы атрымліваем з Беларусі, у мяне асабіста няма адчування, што можна наўпрост казаць пра мабілізацыю. Але яўна нешта адбываецца. І тое, што спраўджваюць асабовы склад, асабліва ў складаных вайсковых спецыяльнасцях, – гэта факт», – кажа юрыстка.

І гэтае правяранне вельмі спросціць працу ваенкаматам у выпадку рэальнай мабілізацыі, зазначае нашая суразмоўца. І тады, калі мабілізацыя здарыцца, ухіліцца ад яе будзе нашмат складаней. Прынамсі не будзе такога мабілізацыйнага хаосу, які здарыўся ў Расеі. Таму экспертка раіць загадзя паклапаціцца, каб пад рукою былі медычныя высновы, «адкуль бы яны ні былі», пра існыя хваробы:

«Бо, калі меркаваць з досведу Расеі, дзе на вайну адпраўлялі без усякіх медычных абследаванняў, у людзей не было ніводнага шанцу ад гэтага адбіцца. Вельмі б рэкамендавала мець пад рукою такія дакументы, і каб у вайсковых білетах такія рэчы былі адзначаныя».

Позву могуць уручыць нават супрацоўнікі ЖЭСу

Што датычыць забароны на выезд з тэрыторыі Беларусі, то такая забарона з’яўляецца, калі чалавек не прыходзіць па позве. Экспертка падкрэслівае: гэта не азначае, што падчас, напрыклад, восеньскага прызыву ў чорны спіс на выезд трапляюць аўтаматычна ўсе, хто падпадае пад прызыў. Пакуль што гэта так не працуе:

«Але калі вам ужо прыходзіць позва, то так, гэта значыць, што вамі зацікавіліся, і тады ўжо трэба быць максімальна гнуткім».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Юрыстка згадвае выпадкі, калі беларусы даведваліся, што яны ў вышуку і мелі забарону на выезд, ужо за мяжою, хоць м не ўручалі да гэтага ніякіх позваў і на іх не заводзілі крымінальных справаў. Тое, ці ёсць вы ў вышуку, трэба спраўджваць загадзя.

Але была таксама гісторыя з мужчынам, якому знялі забарону на выезд з краіны пасля таго, як ён сам з’явіўся ў ваенкамат па позве «для ўдакладнення звестак» (не для прызыву).

Юрыстка нагадвае, што права ўручыць позву з ваенкамату маюць у нашай краіне не толькі людзі ва ўніформе, але, для прыкладу, нават упаўнаважаныя работнікі ЖЭСу ці начальнік (наймальнік) на працы. Таму непражыванне паводле месца рэгістрацыі можа не ўратаваць.

Пры гэтым юрыстка адзначае: беларускае заканадаўства не абавязвае грамадзянаў жыць выключна паводле месца прапіскі і паведамляць пра змену месца жыхарства дзяржаўным органам. Але ёсць вынятак. Існуе норма, паводле якой вайсковаабавязаныя павінны інфармаваць пра змену месца жыхарства вайсковы камісарыят. Як і апавяшчаць ваенкамат пра намер выехаць за межы Беларусі.

Гэтая норма існавала заўсёды, але раней амаль не выконвалася, заўважае экспертка «Legal Hub». У цяперашняй сітуацыі пра гэта трэба абавязкова ведаць і ўлічваць, калі збіраецеся ўцякаць ад прызыву ці магчымай мабілізацыі.

Цяпер у Беларусі трывае восеньскі прызыў. Ён пачаўся ў жніўні і працягнецца да канца лістапада. Адначасова звальняюць у запас тых, хто ўжо адслужыў свой тэрмін.

З моманту ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага гэтага года як самі беларусы прызыўнога ўзросту, гэтак і іхныя бацькі баяцца магчымага ўдзелу беларускай арміі ў вайне. Лукашэнка на пачатку кастрычніка ўголас пацвердзіў, што Беларусь бярэ ўдзел у вайне ва Украіне, аднак зазначыў, што «мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў», і запэўніў, што «ў Беларусі няма неабходнасці абвяшчаць мабілізацыю».

Ганна Ганчар, Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў