«Не называйце яго ваенным злачынцам!», – з такімі словамі звяртаецца Крыстаф Бросцыз, прафесар універсітэту Гётэ і нашчадак генерала Райнэра Штаэля да Музею Варшаўскага паўстання. Калі гісторыкі не адрэагуюць на ягоны ліст з пагрозамі, Бросцыз абяцае судзіцца.
Нагодай для пазову і лютага абурэння Бросцыза стала выстава, арганізаваная ў Берліне Музеем Варшаўскага паўстання і нямецкім цэнтрам Тапаграфіі тэрору. На экспазіцыі, якую з канца ліпеня паспелі наведаць прыблізна 300 тысяч асобаў, прадэманстраваныя нямецкія камандзіры, адказныя за злачынствы, учыненыя супраць палякаў у 1944 годзе.
Бросцыз сцвярджае, што ягонага сваяка афіцыйна не судзілі за ваенныя злачынствы, таму згодна з законам, ён нявінны.
Сваё меркаванне адносна бязвіннасці нацысцкага генерала выказаў дырэктар музею Ян Алдакоўскі. Ён запэўніў, што працэсу музей не баіцца, а ацэнкі гісторыі змяняць ніхто не збіраецца.
«Ёсць пратаколы слуханняў Штаэля. Ён адкрыта казаў, што камандаваў людзьмі, якія забівалі мірных жыхароў, тлумачыўшы свае дзеянні спецыфікай баявых дзеянняў у горадзе. Той факт, што Штаэля не судзілі, не змяняе ацэнкі ягонай дзейнасці падчас вайны. Гітлера і Гімлера таксама не судзілі, але няма ніякіх сумневаў у тым, што яны былі ваеннымі злачынцамі».
Генерал Райнэр прыехаў у Варшаву 27 ліпеня 1944 года ў якасці новага вайсковага каменданта, за чатыры дні да пачатку паўстання. Сярод злачынстваў, якія прыпісваюць аднаму з лідараў нацыстаў, расстрэлы і катаванні. Гэта ён аддаваў загады забіваць усіх мужчын у польскай сталіцы, якія маглі быць патэнцыйнымі паўстанцамі, і наказваў браць у закладнікі грамадзянскіх асобаў, каб выкарыстоўваць іх у якасці жывога шчыту ў барацьбе з паўстанцамі.
ДР, belsat.eu