Нацбол з Салігорску: Маёй маме расказвалі, што я забіваю мірных жыхароў


Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь распачалі крымінальную справу супраць чальца нацыянал-бальшавіцкай партыі Ігара Шчукі, які ваяваў на Данбасе на баку сепаратыстаў, падае «Белорусский партизан».

Праўда, прэс-служба нацболаў распаўсюдзіла заяву, што Ігар Шчука ездзіў на Данбас ў якасці блогера: «Беларуская пракуратура лічыць яго дзейнасць у сацыяльных сетках злачынствам супраць міру і бяспекі чалавецтва. Артыкулы дадзенага раздзелу Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць вышэйшую меру пакарання – расстрэл».

Пра крымінальную справу стала вядома ад самога Ігара: «Пазаўчора я тэлефанаваў маме, хацеў пацікавіцца яе здароўем і сказаць, што я жывы і здаровы. У адказ на гэта яна мне паведаміла, што да яе ўжо не ў першы раз прыходзяць супрацоўнікі пракуратуры. Пыталіся, дзе я знаходжуся і што раблю. Ёй спрабавалі ўсунуць паперу аб тым, што я раскайваюся ў здзейсненых мною злачынствах, і патрабавалі ад яе подпіс, патлумачыўшы, што яна мая паручальніца. Як я зразумеў, крымінальная справа заведзеная за злачынства супраць чалавецтва і за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы».

«Вясной гэтага года Шчука ў ліку іншых актывістаў партыі «Другая Россия» з’ехаў у Крым. Затым быў на Данбасе, дзе ў якасці блогера асвятляў падзеі», – сказана ў паведамленні нацболаў.

Аднак у чэрвені Ігар Шчука распавёў радыё «Свабодзе», што ўдзельнічае ў баявых дзеяннях.

Ігар Шчука родам з беларускага гораду Салігорск, удзельнік шматлікіх пратэставых акцыяў, арганізаваных нацболамі. Праваахоўнікі неаднаразова затрымлівалі яго ў Беларусі і Расеі.

У верасні 2009 года Ігар Шчука атрымаў 10 месяцаў пазбаўлення волі за акцыю на закрыцці Далёкаўсходняга эканамічнага форуму ў Хабараўску супраць перадачы Кітаю трох расейскіх выспаў на рацэ Амур.

У траўні 2013 Ігар Шчука быў прызваны ў беларускую армію. У той час ён гасцяваў у сваёй маці ў Салігорску. Ён быў затрыманы працаўнікамі беларускіх спецслужбаў і дастаўлены ў ваенкамат. Нягледзячы на шэраг захворванняў яго прызналі прыдатным да вайсковай службы. 30 ліпеня таго ж года яго камісавалі з беларускага войска паводле стану здароўя.

МЯ, belsat.eu, паводле belaruspartisan.org

Стужка навінаў