Міністр абароны Украіны паведамляе пра знішчэнне луганскага аэрапорту самаходнымі мінамётамі, з якіх можна страляць ядравымі боепрыпасамі.
Сілы РФ нанеслі два ўдары з самаходнага мінамёту 2С4 «Цюльпан» па луганскім аэрапорце. «Будынак цалкам разбураны ад пятага паверху да падвалу», – прыводзіць словы міністра абароны Валерыя Гелетэя ўкраінскі журналіст Раман Бачкала. Інфармацыю пра перадыслакацыю дзвюх расейскіх батарэй 240-мм. мінамётаў пацвердзіў і кіраўнік Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў Зміцер Тымчук.
Выкарыстанне снарадаў 3ВБ4 і 3ВБ11, якія маглі знішчыць будынак луганскага аэрапорту, было забаронена пасля падпісання ў 1987 г. дамовы паміж СССР і ЗША аб знішчэнні ракетаў малой і сярэдняй дальнасці.
Заяву кіраўніка украінскага МІнабароны пракаментавала расейскае вайсковае ведамства.
«Калі сапраўды меў месца такі факт, то Службе бяспекі Украіны варта было б старанна разабрацца, што падлівалі ў куфель В.Гелетея польскія сябры (заява пра ўжыванне самаходных мінамётаў, якія могуць страляць ядравымі боепрыпасамі была зроблена пасля працоўнага візіту міністра абароны Украіны ў Польшчу – belsat.eu). І больш ніколі не падліваць гэты «чароўны эліксір» з райдэру ўкраінскага міністра падчас гастроляў па заходніх сталіцах», паведамляецца на афіцыйнай старонцы Міністэрства абароны Расеі ў Facebookу.
У Менску ў ноч на 20 верасня пасля шасцігадзінных перамоваў кантактнай групы па Украіне быў падпісаны мемарандум аб выкананні палажэнняў пратаколу ад 5 верасня аб прыпыненні агню на Данбасе.
Дырэктар Украінскага інстытуту аналізу і мэнэджмента палітыкі Руслан Бортнік скептычна ацэньвае перспектывы міру на Данбасе.
«У Мемарандуме прапісана, што павінен быць адвод узбраення калібрам звыш 100 міліметраў, але стандартны мінамёт – гэта 80 міліметраў, а супрацьтанкавыя рэактыўныя снарады наагул не трапляюць пад гэтую катэгорыю. На самой справе магчымасцяў для ўзаемных абстрэлаў, у тым ліку выкарыстоўваючы артылерыю і кіруемыя ракеты, шмат, таму ўсё застанецца як і было раней. А як рэальна выканаць умовы мемарандума я пакуль не ведаю, не бачу для гэтага інструментаў», – рэзюмаваў аналітык у каментары выданню ru.golos.ua.
ЮВ, belsat.eu