Сярэднегадавы заробак беларусаў у 2018 годзе складзе 921-941 рубель. Яе памер залежыць ад сцэнара развіцця эканомікі, заявіла сёння ў Палаце прадстаўнікоў падчас абмеркавання пакета бюджэтных законапраектаў міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
«Сярэднегадавы заробак ў Беларусі ў наступным годзе, у залежнасці ад сцэнара развіцця эканомікі, складзе 921-941 рубель», – заявіла міністр.
Пры гэтым Ірына Касцевіч удакладніла, што ў рэальным сектары сярэдні заробак «безумоўна перавысіць 1000 рублёў», нагадаўшы, што заробак бюджэтнікаў складае 80% ад заробкаў рэальнага сектара.
Нагадаем, у красавіку гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што заробак у 1000 рублёў – гэта «той мінімум, які дзяржава павінна дапамагчы людзям зарабіць».
Аднак пакуль у Беларусі нарастае адставанне ад графіка па выхаду да канца года на сярэдні заробак у 1000 рублёў.
«Па студзені-верасні такое адставанне склала 25,4 рубля, ці 3,1%», – паведаміў раней прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Нагадаем, у студзені-жніўні гэтая сума складала 14 рублёў.
Раней Ірына Касцевіч нагадала, што сярэдні заробак у 1000 рублёў атрымае не кожны працуючы беларус.
«Пытанне правільна ставіць так: заработную плату трэба зарабіць, у любой галіне – прамысловасць, сельская гаспадарка, гандаль і гэтак далей», – заявіла Ірына Касцевіч падчас прамой тэлефоннай лініі.
У лістападзе гэтага года Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што ў пачатку 2018 года будзе больш выхадных, адпаведна, людзі будуць менш працаваць і могуць атрымаць заробак крыху ніжэй за запланаваны ўзровень.
КА, belsat.eu, паводле TUT.BY