Менчука, у якога на Новы год страляў праваахоўнік, перавялі з рэанімацыі ў СІЗА. Сам міліцыянт – у адпачынку


28-гадовага менчука Андрэя Гаўроша, у якога 1 студзеня страляў міліцыянт, перавялі са шпіталя ў СІЗА, паведамляе tut.by са спасылкай на сяброў хлопца.

23-гадовы сяржант міліцыі, які страляў у Андрэя, цяпер у адпачынку, распавялі журналістам у дзяжурнай частцы РУУС Маскоўскага раёну.

Інцыдэнт здарыўся ў Менску на праспекце Любімава ў навагоднюю ноч. Суседзі вызвалі міліцыянтаў, бо а 6 раніцы ў адной з кватэр жылога дому кампанія моцна шумела і перашкаджала адпачываць.

Як паведамляла прэс-служба Менскага УУС, праваахоўніка, які прыбыў на месца, у дзвярах сустрэў мужчына нападпітку. Тлумачэнні міліцыянта нібыта не далі эфекту. Паводле УУС, мужчына знянацку ўдарыў супрацоўніка міліцыі ў грудзі, а потым нанёс яшчэ серыю ўдараў у галаву і паспрабаваў забраць яго табельную зброю. Сяржант у барацьбе стрэліў у бок, а пасля зрабіў два стрэлы ў нападніка.

Супраць маладзёна ўзбудзілі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў (арт. 363 КК). Яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі. У міліцыянта канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя пашкоджанні.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары