Мастакам патрэбная Бацькаўшчына


Ад 1993 года беларускія мастакі, якія жывуць і працуюць у Латвіі, ні разу не выстаўлялі сваіх працаў у Беларусі. Дзяржава не давала такой магчымасці. Тым часам творы беларусаў з краінаў Балтыі запатрабаваныя ва ўсім свеце.

«У мяне былі персанальныя выставы ў Польшчы, у Прыморскім краі Расеі, дзе я правяла 10 год свайго жыцця», – кажа мастачка Надзея Лаўрыновіч-Ізянёва.

Ейная калега, нарадзінка Смалявіцкага раёну Ірына Бялевіч-Трампэлэ распавядае, што яе працы знайшлі сабе меца ў прыватных калекцыях у Індыі, Японіі, Іране, Турцыі, Грэцыі. Ёсць работы ў Амерыцы і Канадзе. Але не ў Беларусі.

Сёння больш за 80 тысячаў асобаў ва ўсёй Латвіі лічаць сябе беларусамі. Гэта другая паводле колькасці нацыянальная меншасць пасля расейцаў. У 1991 годзе на вуліцы Брывібас у Рызе стварылі Абʼяднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». Згуртаванне ачоліў Вячка Целеш – выпускнік Латвійскай акадэміі мастацтваў.

«Што мы робім, мастакі-беларусы? У першую чаргу мы нясём сцяг беларуса. Беларусы ў Латвіі зʼявіліся не сёння і не ў часы Савецкага Саюза. Беларусы тут жывуць з ХІІ стагоддзя, а мо і з ранейшых часоў. Беларусы гандлявалі па Дзвіне-Даўгаве. А бацька Францыска Скарыны меў сваю кантору ў Рызе і прыязджаў сюды з сынам», – распавядае Вячка Целеш.

У Латвіі працуюць 15 беларускіх мастакоў, у Літве – два, у Эстоніі – тры, у Швецыі – адна мастачка. Але прадстаўнікі афіцыйных структураў Беларусі не запрашаюць творцаў на гістарычную радзіму.

«Толькі калі Беларусь была пад бела-чырвона-белым сцягам, калі ў ёй шанавалі нацыянальную культуру, тады нас, мастакоў з Балтыі, запрасілі ў Менск і зладзілі нашу выставу ў Палацы мастацтваў», – згадвае Целеш.

Аднак ёсць шанец, што праз чвэрць стагоддзя беларускія мастакі з краінаў Балтыі нарэшце выставяць свае творы ў Менску – з такой ініцыятывай выступіла пасольства Беларусі ў Рызе. А пакуль нашыя суайчыннікі чакаюць 17-га лістапада – дня адкрыцця іхнай выставы ў сталіцы Латвіі, напярэдадні Дня Незалежнасці гэтай краіны.

Максім Кот, Ганна Русінава, belsat.eu

Ілюстрацыя выкарыстаная ў відэа – карціна А.Літвіненкі

Глядзі таксама
Каментары