Лаяльныя да Лукашэнкі аналітыкі: Крэмль будзе выкарыстоўваць Беларусь для стварэння гібрыдных пагрозаў

video

Расейскі жаўнер. Крым

Расея хоча ператварыць Беларусь у «шэрую зону», якая будзе крыніцаю пагрозаў бяспекі і стабільнасці ў краінах Захаду і ва Украіне, што можа абярнуцца для нас стратаю суверэнітэту.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Цэнтру стратэгічных і палітычных даследаванняў «Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія-НАТО: Пагрозы і выклікі для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. Стратэгічныя высновы і рэкамендацыі». Аўтарамі дакладу зʼяўляюцца кіраўнікі арганізацыі Арсень Сівіцкі і Юры Царык, якія лічацца лаяльнымі ўладам аналітыкамі.

Аналітыкі ў сваім дакладзе адзначаюць беспрэцэдэнтны ціск на Беларусь з боку Расеі, што завязана з імкненнем Крамля ўцягнуць Беларусь у супрацьстаянне з краінамі Захаду. Стратэгічнай мэтаю такой палітыкі зʼяўляецца дэзынтэграцыя і паслабленне ЕЗ ды НАТО.

«Дзеянні расейскага боку ў адносінах да Рэспублікі Беларусь будуць мець комплексны характар і ўключаць увесь спектр захадаў ад прамога вайсковага ўварвання і дыпламатычнага ціску да подкупу службовых асобаў і ініцыяванне масавых беспарадкаў. Вынікам дадзеных дзеянняў павінна стаць рэзкая змена статусу тэрыторыі Беларусі і ператварэнне яе ў зону канфліктнасці, крыніцу рызыкаў і пагрозаў для бліжэйшых дзяржаваў. З суверэннай дзяржавы Беларусь павінна ператварыцца ў «шэрую зону» – тэрыторыю, на якую і праз якую Расейская Федэрацыя будзе праецыраваць сілу і кіраваць канфліктнай дынамікай у рэгіёне», – сцвярджаюць эксперты.

Крыніца: csfps.by

Фота: russia-insider.com

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары