Калядныя святы набліжаюцца і афіша Менску прапануе тэматычныя канцэрты, спектаклі ды калядаванні. Belsat.eu выбраў для вас імпрэзы на беларускай мове, якія, на нашую думку, спадабаюцца беларускамоўным дарослым і дзецям.
30 снежня і 4 студзеня, квіткі ад 9,5р да 17 рублёў, дзеткам да 3-год – бясплатна
Што можа здарыцца са звычайнымі беларускімі дзецьмі і іх бацькамі ў навагоднюю ноч, калі яны зблытаюць Дзеда Мароза з Зюзей, Снягурку з Лёлей і не пазнаюць Жыжаля і Мару? Спыняецца час і сонца не ўзыходзіць, а значыць, і Каляды і Новы год ніколі не прыйдуць! Але Яська і Янінка могуць выратаваць сітуацыю, калі хуценька вывучаць беларускую міфалогію, асаблівая калядную. І казка вернецца, і Каляды надыдуць!
Аўтары абяцаюць усім салодкі пачастунак, а таксама сюрпрызы падчас самога спектаклю.
Квіткі можна набыць у тэатральных касах, а таксама праз сайт kvitki.by
27 снежня, а 11-й, кошт квіткоў – 8 рублёў
Гісторыя пра хітрую Лісу і някемлівага воўка, якія павадзіліся разам спусташаць куратнікі. Аднойчы яны скралі залатое яйка, спадзеючыся, што з яго з’явіцца цуда-курыца і будзе несці ім залатыя яйкі. Ці апраўдаліся спадзевы Лісы і Воўка? Гэта не спецыяльна калядная казка, але на пачатку спектаклю дзяцей сустрэнуць Дзед Мароз і Снегурка, а напрыканцы кожны маленькі ўдзельнік атрымае падарунак.
У Тэатры драматургіі параілі прыходзіць на «Залатое сэрцайка» з маленькімі дзецьмі, бо казка інтэрактыўная, акторы са сцэны размаўляюць з малымі, пытаюцца, як кажа воўк, як кажа курачка. Для больш дарослых дзяцей belsat.eu запрапанавалі спектаклі «Два чароўныя парасоны» і «Гісторыя двух сабак» з больш глыбокім, філасофскім сэнсам.
Больш інфармацыі – на сайце Тэатру беларускай драматургіі.
25 снежня і 14 студзеня, кошт квіткоў 12 рублёў дзіцячы і 5 рублёў дарослы, зніжкі для тых, хто прыйдзе ў святочных касцюмах і за некалькіх дзяцей адной сям’і
Вы сустрэнецеся з персанажамі беларускага фальклору і паўдзельнічаеце непасрэдна ў святочных дзеях. У праграме – майстар-клас па вырабе каляднай зоркі, традыцыйныя пачастункі і фотаздымкі. Як распавялі арганізатары імпрэзы, прадстаўленне будзе цікавым для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Дзеткі даведаюцца аб традыцыйным абрадавым калядаванні падчас інтэрактыўнай абрадавай дзеі.
Квіткі патрэбна замаўляць па тэлефоне +375292122550 ці праз форму Google, аплата на месцы наяўнымі
З 11 снежня па 5 студзеня, кошт квіткоў ад 1 да 2,70 рублёў
Новы год – час мяняць стэрэатыпы: у музей з дзецьмі можна прыходзіць не толькі для знаёмства з экспанатамі, але і для таго, каб весела бавіць час.
Майстар-класы па вырабе святочнага календара або ёлачнай цацкі, гульня-спаборніцтва «Як бы Якуб Колас адзначаў Новы год у ХХІ стагоддзі, лялечныя прадстаўленні ды іншыя імпрэзы прапануе ў снежні Музей Якуба Коласа. 27 снежня адбудзецца «Калядная ялінка» у доме паэта. Арганізатары абяцаюць, што вы зможаце апынуцца сярод зімовай казкі і пазнаёміцца з незвычайнымі персанажамі, паўдзельнічаць у забавах і розных гульнях.
Расклад імпрэзаў і кошты – на сайце Музею Якуба Коласа
Зборныя групы, патрэбна тэлефанаваць наконт даты і наяўнасці месцаў. Кошт квітка – 16 рублёў з аднаго ўдзельніка
Яшчэ адзін музей прапануе святочную калядную праграму на беларускай мове – Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. Калі вас шмат, то можна разглядзець гэты варыянт або запрапанаваць такое святкаванне ў садку ці школе.
У музеі ў Раўбічах арганізуюць традыцыйнае абрадавае калядаванне для груп дзяцей і дарослых. У праграму ўваходзіць экскурсія па музеі, выраб саламянай цацкі «Анёл» для каляднай ялінкі і сустрэча з калядоўшчыкамі, якія навучаць калядным песням і танцам, а таксама згуляюць у беларускія гульні разам з удзельнікамі.
Каб замовіць праграму, трэба тэлефанаваць па нумары +37529 1353241 і 8 017 597 44 69.
Калі вас шмат, то правядзенне праграмы магчыма ў любы дзень па папярэдняй замове. Зборныя групы рыхтуюцца 23 снежня і 6 студзеня з трансферам з Менску.
ВЧ, belsat.eu