Колькі долараў заробку абяцалі на выбарах, пачынаючы з 1994 года?


Хто больш: Лукашэнка ці дэмакраты? «Белсат» знайшоў грашовыя абяцанні кандыдатаў на выбарах 1994, 2001, 2006 і 2010 года і параўнаў з тагачаснымі заробкамі ды курсамі долару. Вось што атрымалася.

1994 год: $ 200

Першым, хто ўзяў за мэту павысіць дабрабыт беларусаў у доларавым эквіваленце, быў старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч. Перад выбарамі 1994 года ён меркаваў павысіць заробак да $ 200, што тады было надзвычай смелаю мэтай. 1 чэрвеня (першы тур выбараў прайшоў 23-га) за долар давалі Br 22,4 тыс., а сярэдні заробак за чэрвень склаў Br 531, 6 тыс. ($ 23,8). Так што адразу – у 10 разоў!

2001 год: ад $ 250 да $ 400

hanczaryk 2001

Уладзімір Ганчарык. 2001 год. Фота gazetaby.com

Адзіны кандыдат ад апазіцыі ў 2001 годзе, прафсаюзны лідар Уладзімір Ганчарык, заахвочваў суайчыннікаў ужо большаю лічбай – $ 300. Трэба сказаць, што заробкі за сем гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі павысіліся амаль удвая, але працягвалі быць жабрацкімі. 1 жніўня Нацбанк даваў за долар 1,42 тыс. рублёў, а сярэдні заробак за гэты месяц склаў Br 63,8 тыс. ($ 45). Каб апраўдаць свае перадвыбарчыя разважанні, апазіцыйнаму кандыдату ў выніку перамогі давялося б павысіць заробкі ў 7 разоў.

Заўсёднік прэзідэнцкіх выбараў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч у 2001-м быў навічком. Але адразу замахнуўся на $ 350-400 і такім чынам дагнаў смелыя мары Станіслава Шушкевіча.

lukashenko_i_chernobyl_001280_948141

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з жыхарамі в.Грыдні Нараўлянскага раёну – «вёскі самасёлаў». 2001 год. Фота belta.by

А вось Аляксандр Лукашэнка ў 2001-м абяцаў найменш: $ 250 «у надыходзячай пяцігодцы». Нібыта ў перыяд агітацыі вынікі выбараў яму былі ўжо вядомыя, таму ён адчуваў, што абяцанне нейкім чынам давядзецца выконваць. Але да $ 250 гэтак і не ўдалося дацягнуць, хоць амаль атрымалася. 1 студзеня 2006 года, напрыканцы пяцігодкі і напярэдадні наступных выбараў, сярэдні заробак быў роўны Br 519 тыс. Пры тагачасным курсе долара Br 2,2 тыс. гэта дае $ 236.

2006 год: ад $ 500 да € 550

milinkiewicz 2006

Кандыдат ад апазіцыі, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пераконваў, што ў выніку рэалізацыі ягонай перадвыбарчай праграмы паўстане паўмільёна працоўных месцаў, што разам з ростам прадукцыйнасці працы і прыцягненнем інвестыцыяў дазволіць беларусам атрымліваць штомесяц у сярэднім € 550.

Другі апазіцыйны кандыдат, былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін канкрэтнай сумы не называў, але абяцаў цягам трох гадоў утрая падняць і заробкі, і пенсіі. Вядомы на ўсю краіну тэлевізійны выступ са словамі «Дзе грошы, Аляксандр?» выйшаў у эфір 22 лютага. Мы падлічылі ўжо, што ў студзені беларусы зараблялі ў сярэднім $ 236. Такім чынам, $ 708 у 2009-м. «І гэта не фантастыка, гэта цвярозы разлік», – зазначаў Аляксандр Казулін.

Выступ Аляксандра Казуліна на беларускім тэлебачанні 22 лютага 2006 года

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні выбараў падняў планку да славутых $ 500. І да наступных выбараў (як і ў 2006-м) з дапамогаю расейскіх крэдытаў ды афіцыйнай статыстыкі амаль выканаў выканаў абяцанне. У лістападзе 2010-га беларусам заплацілі ў сярэднім Br 1,43 млн, што пры курсе долара $ 3 тыс. дае нам лічбу 477.

2010 год: ад $ 600 да 1000

ramanczuk 2010

Яраслаў Раманчук падчас кампаніі 2010 года. Фота kp.by

У 2010 годзе эканаміст Яраслаў Раманчук, які балатаваўся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вырашыў перагнаць Лукашэнку ўзору папярэдніх выбараў і назваў сваёй мэтай $ 600, прычым цягам двух гадоў.

Другі кандыдат-эканаміст Віктар Цярэшчанка абяцаў «цягам 5-7 гадоў, а то і раней» зраўняць курс долара і беларускага рубля, пры якім заробкі мелі дасягнуць «еўрапейскага ўзроўню».

Аляксандр Лукашэнка ж у снежні 2010-га замахнуўся ажно на $ 1 тыс. у 2015 годзе. Пакуль што даступная афіцыйная статыстыка за ліпень 2015-га: Br 7 млн. Гэта $ 459 па жнівеньскім або $ 393 па сённяшнім курсе долара (Br 17 800). Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаны на 11 кастрычніка.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары