Канвенцыя аб правах ААН. Жыццё беларускіх інвалідаў неўзабаве зменіцца?


Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Курыраваць пытанні па рэалізацыі міжнароднага пагаднення будзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Генеральная асамблея ААН прыняла лёсавызначальны дакумент амаль дзесяць гадоў таму. У Беларусі шлях да яго рэалізацыі аказаўся надта даўгі. Прадстаўнікі арганізацыяў па абароне правоў інвалідаў лічаць, што ратыфікацыя канвенцыі можа змяніць лёс тых, хто пакуль не пачуваецца паўнавартасным удзельнікам жыцця.

Для жыхаркі Глыбокага Марыны Ткач кожны дзень – гэта найперш змаганне за нармальнае жыццё. Жанчына прызнаецца: шмат у чым можа разлічваць выключна на сябе. Пажаданая дапамога прыходзіць далёка не заўсёды.

«У мяне шмат адукацыяў, але я нікуды не магу ўладкавацца на працу, таму што інтэлектуальныя якасці ніхто не бярэ пад увагу. Бачаць толькі звонку і кажуць: мы вам патэлефануем. І гэта ўсё», – дзеліцца спадарыня Марына.

Адных пандусаў мала!

Паляпшэння сваёй сітуацыі асобы з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі чакаюць не адзін год. У траўні ў Менску прайшоў мітынг, арганізаваны Асацыяцыяй інвалідаў-вазочнікаў. Удзельнікі патрабавалі тэрмінова ратыфікаваць міжнародную Канвенцыю аб правах інвалідаў ды развязаць балючыя праблемы. Адмысловы зварот накіравалі Лукашэнку.

«Важна, каб дзяржава разумела, што адных пандусаў мала. Трэба развязваць комплексна», – зазначыў Валер Цімакін з арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў, Пінск.

На якія змены можна разлічваць?

Рэалізацыя нормаў канвенцыі прадугледжвае абарону асноўных правоў: свабоднага доступу інвалідаў да працы і да сацыяльнай інфраструктуры, палітычнага і культурнага жыцця. Адзін з пунктаў дакументу запэўнівае людзям з абмежаванымі магчымасцямі свабоду перамяшчэння, выбар месца жыхарства, змену грамадзянства на роўні з іншымі.

А самае галоўнае, на думку экспертаў Офісу правоў людзей з інваліднасцю, дзяржава нарэшце мусіць змяніць падыход і паставіцца да гэтай групы грамадства не толькі як да адрасату сацыяльнага падтрымання, але найперш як да асобаў з правамі.

«У гэтым плане ратыфікацыя канвенцыі мусіць нам паспрыяць. Цяпер мусіць быць перагледжанае заканадаўства, а чыноўнікі вымушаныя будуць працаваць паводле закону», упэўнены Валер Цімакін.

У Беларусі каля паўмільёна людзей з інваліднасцю

Нярэдка гэтыя асобы не толькі не маюць безбарʼернага асяроддзя, але і робяцца ахвярамі іншых праяваў дыскрымінацыі. Адзін з прыкладаў – гэта практыка адбірання ў інвалідаў дзяцей.

А таму ратыфікацыя канвенцыі – гэта хоць і добры, але пакуль толькі пачатак. Поспех будзе залежаць і ад таго, ці дзяржава нягледзячы на эканамічны крызіс вылучыць неабходныя сродкі на рэалізацыю зменаў. Пакуль жа міжнародныя прынцыпы дакументу мусяць трапіць у беларускія законы ды рэалізоўвацца на практыцы.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота – neinvalid.ru

Стужка навінаў