«Independence» – значыць «незалежнасць»


Сапраўднае свята ў Клайпедзе. У порт прыйшоў карабель-сховішча звадкаванага прыроднага газу «Independence», у перакладзе на беларускую – «незалежнасць». Фактычна ён і азначае энергетычную незалежнасць Літвы. Ужо неўзабаве судна накіруецца за першаю порцыяй паліва ў Катар.

Пасля 20 гадоў выплатаў «Газпрому» найвышэйшых у Еўропе тарыфаў Літва непасрэдна наблізілася да новай энергетычнай эпохі. У Клайпедзе прышвартаваўся карабель, што будзе транспартаваць у Балтыю звадкаваны газ паводле рынкавых коштаў.

Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы:«Літва мела смеласць зрабіць гэта першаю. Літва зрабіла гэта сама, не чакаючы, пакуль Брусель ці хтосьці іншы прапануе грошай. Я памятаю, колькі было крытыкі. Колькі парадаў »чакайце, не спяшайцеся«. Але Літва ўсё зразумела і выканала. Выканаў кожны грамадзянін Літвы».

Увесну, калі стала зразумела, што з’яўленне тэрміналу сапраўды рэальнае, расейскі газавы гігант пайшоў на 20% зніжку на паліва для Літвы. Але ў Вільні на гэткую прынаду Крамля не купіліся.

Чакаюць, што тэрмінал у Клайпедзе забяспечыць зніжэнне выдаткаў на ацяпленне кожнаму спажыўцу каля ста еўраў за год. Дый, кажучы моваю палітыкі, Літва нарэшце становіцца гаспадыняю ва ўласным доме.

Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы:

«Для Літвы вельмі важна, што ўпершыню ў дакументах Рады Еўропы гаворыцца пра сінхранізацыю краінаў Балтыі з кантынентальнай Еўропаю. А гэта значыць, што мы зробім апошні крок для Літвы і краінаў Балтыі ў інтэграцыі з энергетычнаю еўрапейскаю прасторай, што гарантуе нам энергетычную бяспеку і нават палітычную незалежнасць».

Краіны Балтыі – толькі першая ластаўка. Пра ўзмацненне сваёй энергетычнай самастойнасці заяўляюць таксама Польшча і Харватыя.

Іва Ёсіпавіч, прэзідэнт Харватыі: «Харватыя актыўна прасоўвае планы пабудовы тэрміналу ЗПГ на беразе Рыекі. Гэта адзін з найлепшых на кантыненце паводле свайго размяшчэння прыродны глыбакаводны порт».

Асноўны плюс тэрміналаў звадкаванага газу – незалежнасць ад трубаправодаў і адлегласцяў. Развіццё сістэмаў ЗПГ у свеце можа здзейсніць сапраўдную рэвалюцыю на газавым рынку ды знішчыць пазіцыі манапалістаў, якія завышаюць кошты.

Ужо праз месяц літоўскі карабель-сховішча мусіць адправіцца за першаю партыяй звадкаванага газу. Пра закупку паліва Літва дамовілася з Катарам. Эканамічную ж выгоду ад працы тэрміналу літоўцы адчуюць ужо праз год.

Настасся Яўмен, «Белсат», Вільня

Стужка навінаў