Расея зладзіла чарговы абстрэл украінскай крытычнай інфраструктуры


Паветраная трывога па ўсёй тэрыторыі Украіны за выняткам часова акупаванага Крыму. Паводле прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, крытычная інфраструктура пашкоджаная ў 10 рэгіёнах. Без электрычнасці засталіся сотні паселішчаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пацярпеў і Кіеў – блізу 80 адсоткаў сталіцы пасля абстрэлаў пазбавілася водазабеспячэння. Да таго ж была абясточаная частка чыгункі – некаторыя цягнікі своечасова не прыбылі ў пункты прызначэння.

«Панічных настрояў няма. Галоўная задача Украіны – хутчэй адбудоўваць пашкоджаныя абʼекты інфраструктуры раней, чым Расея ў іх паспее трапіць другі ці трэці раз», – мяркуе ўкраінскі вайсковы эксперт Іван Ступак.

Згодна інфармацыі Паветраных сілаў Украіны, пуцінскія войскі выпусцілі больш за 50 крылатых ракетаў Х-101/Х-555 з паўночнай часткі Каспійскага мора і гораду Валгадонск. 44 з іх збілі сродкі абароны. Адна з ракетаў, выпушчаная, меркавана, па Днястроўскай ГЭС, што ў Чарнавіцкай вобласці, трапіла на тэрыторыю Малдовы. У будынках малдаўскага паселішча Наслаўча пашкоджаныя вокны. МЗС Малдовы пакуль на гэтае здарэнне не адрэагавала. А Міністэрства абароны заявіла, што не выявіла ніякіх незаконных палётаў у паветранай прасторы краіны.

«Гэта краіна са слабым войскам і моцнымі прарасейскімі сіламі, якія цяпер адсунутыя {ад улады}, але маюць жаданне зрабіць рэванш», – кажа эксперт «Белсату». – Хацелася б, вядома, пачуць ад іх асуджэнне расейскага ваеннага нападу, але маем тое, што маем».

Расейскія ўдары па абʼектах крытычнай інфраструктуры набылі масавы характар з 10 кастрычніка. Тыдзень таму міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка справаздачыўся аб пашкоджанні ад 30 да 40 адсоткаў энергетычнай інфраструктуры. Сёння ўлады ўсё часцей заклікаюць украінцаў эканоміць электрычнасць.

Ян Федаровіч, «Белсат».