Каманда Беларускага Расследвальніцкага Цэнтру знайшла 9 аўтаў у Лукашэнкі ад Алексіна


5 аўтаў, 2 матацыклы, электракар і трыцыкл. Агулам дзевяць транспартавых сродкаў. Усё гэта Лукашэнка атрымаў усяго толькі ад аднаго чалавека – тытунёвага караля Беларусі Аляксея Алексіна. Сенсацыйнае адкрыццё зрабіў Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Афіцыйна аўтамабілі ў падарунак атрымала служба бяспекі Лукашэнкі. Фактычна імі карыстаецца ён сам.

Падарунак, даражэйшы за мільён долараў, зроблены ў 2018 годзе. Акурат пасля таго, як у лютым з кампаніяй Алексіна «Энерга Оіл» падпісалі інвестыцыйную дамову пра стварэнне сеткі тытунёвых крамаў «Табакерка». Гэта дало Алексіну права ўвозіць цыгарэты ў Беларусь. Раней такі дазвол мела прадпрыемства Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У ліпені таго ж года Лукашэнка пашырыў межы Менску, каб бізнесовец пабудаваў уласную тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака».

«Можна сказаць, што Алексін ёсць адным з галоўным гаманцоў уладаў. На сённяшні дзень побач з такімі, як Віктар Шэйман, Аляксандр Зайцаў (былы памочнік Віктара Лукашэнкі), Мікалай Верабей і шэраг іншых», – кажа кіраўнік Беларускага Расследвальніцкага Цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Жамчужынай падарунку аўтары расследавання называюць адмыслова створаны аўтамабіль «ВСС вінтаж РБ» 2018 года выпуску. Панэлі аўта распісаныя ўручную выявамі Палацу Незалежнасці ў Менску, над ім красуецца чырвона-зялёны сцяг. Кошт машыны на той момант – 228 тысяч долараў. Прадстаўнік кампаніі-вытворцы сцвярджае, што яна каштуе танней за 100 тысячаў. Здымак аўтамабіля аўтарам расследавання ўдалося знайсці ў «Інстаграме» вытворцы. Праўда, пасля наступнай размовы яны яго выдалілі.

«Рухавікі, электроніка, скрынкі пасуванняў – гэта ўсё ад БМВ. Сілавая частка – ад БМВ, а дызайн увесь наш. У нас толькі ёсць адна мадэль, якую мы зрабілі. Мы наўпрост узялі і аб’ядналі ў нашым праекце тое, што лічылі з інжынернага пункту гледжання найлепшай рэччу ў гісторыі аўтамабільнай прамысловасці», – сказалі на прадпрыемстве.

На гэтым аўтамабільныя стасункі Алексіна і сям’і Лукашэнкі не спыняюцца. 2019 год – жонка старэйшага сына дыктатара, Віктара, набывае ў бізнесоўца «Рэйндж Роўвэр» «Лэнд Роўвэр» вытворчасці 2017 года. Кошт – вышэйшы за 145 тысяч долараў. На пытанне, адкуль такая шчодрасць у жаданні забяспечыць клан Лукашэнкі аўтапаркам, Алексін аўтарам расследавання не адказаў.

Дык хто ж такі Аляксей Алексін? І як простаму эканамісту-менеджару з адукацыі ўдалося апынуцца ў вярхах? Некаторы час Аляксей перабіваўся працай у розных прыватных фірмах. Пасля прыходу ў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта жыццё палепшала. Цяпер Алексін пачаў займацца гандлем нафтапрадуктамі, перапрацоўваннем мяса, лагістыкай і, вядома ж, вытворчасцю і продажам тытунёвых вырабаў.

«Вось такая падзяка за магчымасць увайсці ў тытунёвую сферу і яе развіваць, і стаць, па сутнасці, нумарам адзін на беларускім тытунёвым рынку, як цяпер сябе пазіцыянуе «Энерга Оіл», – кажа адзін з аўтараў расследвання Алесь Ярашэвіч.

Цяпер пад кантролем «Энерга Оіл» (а гэта азначае, што асабіста Алексіна) 40 адсоткаў тытунёвага рынку Беларусі. Сёлета бізнесовец і частка ягоных актываў трапілі пад амерыканскія і еўрапейскія санкцыі.

«Алексін, па-першае, сам падазраецца ў тым, што ён вялікі кантрабандыст. Гэта тое, што тычыцца і цыгарэтаў на захад. Гэта велізарны даход для беларускіх уладаў. Апрача таго, гэта пастаўкі санкцыйнай расейскай прадукцыі на ўсход. Алексін – суўладальнік «Bremino Group» і шэрагу лагістычных кампаніяў. Дарэчы, адна з ягоных кампаніяў – іранічна – займаецца тым, што павінна кантраляваць, каб не было кантрабанды», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Кажучы простаю моваю, 9 аўтаў – і гэта толькі тое, пра што вядома сёння, – ёсць ні чым іншым, як хабарам у асабліва буйным памеры. Паводле беларускага закону за такое Лукашэнку магло б пагражаць ад трох да дзесяці гадоў зняволення, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады.

Надзея Бельская, «Белсат»