Літва ўзмацняе абарону мяжы з Беларуссю


У кароткі тэрмін на ўсёй тэрыторыі паставяць сучасныя сістэмы відэаназірання, бо гэткага наплыву асобаў, якія спрабуюць незаконна перайсці мяжу з Літвою з боку Беларусі, яшчэ не было. З пачатку года – 555 чалавек. Гэта амаль у 7 разоў больш, чым летась, паведамляюць у Літве.

«Канстатую, што колькасныя паказнікі выяўленых і затрыманых летась памежнікамі Смаргоні грамадзянаў трэціх краінаў: Афганістану, Іраку, Турцыі, Шры-Ланкі – супастаўныя з лічбамі мінулых 5-7 гадоў і не выходзяць за межы прагнозу вясенне-летняга перыяду», – распавёў на «Беларусь 1» начальнік Смаргонскай памежнай групы Максім Бутранец.

Амаль што ўсе асобы, якія парушаюць міграцыйнае заканадаўства, – грамадзяне трэціх краінаў. Сярод іх толькі 39 беларусаў. Большасць – грамадзяне Іраку, Ірану, Сірыі, нават Расеі. У меншасці – Індыя, Емен, Егіпет, Гамбія і Самалі. Літва лічыць гэта спланаванымі дзеяннямі ўладаў Беларусі, якія сваёй віны не прызнаюць. Міністр унутраных справаў еўрапейскай краіны Агне Білатайце назвала гэта «гібрыднаю вайною» з боку рэжыму і распачала расследаванне:

«У нас сапраўды ёсць доказы дачынення беларускіх памежнікаў да гэтага працэсу, гэта факт. Гэта арганізаваная дзейнасць, пэўная схема – добра арганізаваная, спланаваная. Гэта вялікія грошы, бо перавоз аднаго чалавека каштуе каля $ 15 тысячаў. Такім чынам, гэта відавочна прыбытковыя злачынствы з удзелам рэжыму і саміх чыноўнікаў».

Сітуацыю з расследаваннем масавай міграцыі праз Беларусь у абыход пунктаў пропуску сёння абмяркоўвалі ў Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы. Пра якія менавіта доказы вядзецца – пакуль не паведамляюць.

«Без якой-небудзь супрацы з афіцыйнымі структурамі рэжыму гэта было б немагчыма. І ўсе доказы сведчаць, што рэжым у гэтым бярэ ўдзел», – кажа старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі Літвы Лаўрынас Касчунас.

Плынь незаконнай міграцыі значна павялічылася пасля еўрапейскіх абмежаванняў для «Белавіі» і пасля таго, як для еўрапейскіх авіяперавознікаў зачынілася неба над Беларуссю. У адказ жа на чацверты санкцыйны пакет Еўразвязу і сектаральныя санкцыі Беларусь пастанавіла прыпыніць з Аб’яднанай Еўропаю пагадненне аб рэадмісіі і цяпер не будзе прымаць назад на сваю тэрыторыю замежнікаў, якія нелегальна трапілі ў Еўразвяз праз беларускую мяжу.

Замарожванне дамовы будзе азначаць і больш высокія кошты для беларусаў на шэнгенскія візы. Да таго ж у планах – забараніць шэрагу еўрапейскіх чыноўнікаў, якія спрыялі зацверджанню санкцыяў, уезд у Беларусь.

Надзея Бельская, «Белсат»