З беларускіх пісьменнікаў робяць экстрэмістаў


Кнігі нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч правяраюць на экстрэмізм. Пра гэта даведаліся журналісты выдання «Зеркало». Раней з дзяржаўных бібліятэк сталі прыбіраць кнігі іншых беларускіх пісьменнікаў: у чорны спіс трапілі больш як трыццаць аўтараў. У тым ліку – вядомых за межамі Беларусі. Чаму рэжым узяўся за нацыянальную літаратуру?

«Вайна – гэта страшна. І наш народ, як мне здаецца, да апошняга не хоча браць зброю ў рукі. І мяне гэта цешыць, бо я таксама не прыхільніца рэвалюцыяў. Але я думаю, што яшчэ доўгі шлях. Свабоднымі мы будзем не хутка», – сказала Святлана Алексіевіч пасля атрымання Нобэля.

Словы аказаліся прарочымі: ідзе вайна, а Беларусь дагэтуль застаецца несвабоднай. Настолькі, што на радзіме ў кнігах нобэлеўскай лаўрэаткі шукаюць экстрэмізм – піша выданне «Зеркало» са спасылкаю на чыноўніцу Міністэрства культуры. Алексіевіч даўно крытыкавала палітыку Лукашэнкі. Пасля выбараў дваццатага года ўвайшла ў Каардынацыйную раду. Пасля допыту ў Следчым камітэце – выехала з Беларусі. Але застаецца мішэнню для нападак.

Так, падчас стрыму Рыгора Азаронка праўладны палітолаг Пётр Пятроўскі назваў кнігі Алексіевіч «дэгенератыўным мастацтвам».

Гэта помста за прынцыповую пазіцыю Алексіевіч – мяркуе паэт і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч. А таксама за творчасць, якая раздражняе функцыянераў рэжыму.

«Гэта рэакцыя людзей глыбока бяздарных на талент, глыбока бескультурных – на культуру. Усю сваю творчасць спадарыня Святлана даследавала феномен «саўка». Яна называла яго чырвоным чалавекам, «гома саветыкус». Усе гэтыя людзі – гэта цяперашняя беларуская ўлада. Усе яны пазнаюць сябе ў гэтым бязлітасным аналітычным люстэрку», – кажа Андрэй Хадановіч.

У чэрвені стала вядома, што з беларускіх бібліятэк прыбіраюць творы не толькі Алексіевіч, а больш як трыццаці пісьменнікаў. Ігар Бузоўскі, намеснік міністра інфармацыі, ускосна пацвердзіў факт зачысткі непажаданых кніг.

«Вялікае шчасце, што мы на кніжных паліцах іх не бачым, вялікае шчасце, што ў нас ёсць воля, сіла, разуменне і ўсведамленне таго, што гэта найстрашнейшая наймагутнейшая зброя», – заявіў намеснік міністра.

У чорным спісе – шэраг сучасных аўтараў. Пераважна тых, што пішуць па-беларуску. Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч, Адам Глобус ды іншыя. Журналіст Зміцер Лукашук, чыю кнігу пра беларускую нацыянальную ідэю прызналі экстрэмісцкай, мяркуе, што раней рэжым Лукашэнкі гуляўся ў мяккую беларусізацыю. Яна стварала прыгожы фон для кантактаў з Захадам. Цяпер такой неабходнасці няма – і ўлада скінула маскі.

«Улада проста прыйшла да высновы: ды надакучыла нам займацца гэтым заігрываннем і хаваць сапраўднае стаўленне да гэтых во нацыяналістаў, якія носяцца са сваёй беларускасцю, беларушчынай і ўсім астатнім», – кажа Зміцер Лукашук.

Зачыстка адбываецца не толькі ў літаратуры. Сёлетнія папраўкі ў заканадаўства, напрыклад, ускладняюць правядзенне канцэртаў ды іншых імпрэзаў без афармлення адмысловага пасведчання. Адначасова ўлады будуць навязваць беларусам сваё бачанне культуры, мяркуе Зміцер Лукашук.

«Свята – «Дажынкі», агратрэш. Музыка – Саладуха. Літаратура, творчасць – гэта кніга з даносамі, якую выдаў Мукавозчык. Вяртанне ў СССР. Гэта мара беларускага рэжыму, на чым ён «выехаў» у свой час, але што даўно згінула. І беларусам ужо такога вяртання не трэба», – мяркуе Зміцер Лукашук.

Улады Беларусі дзейнічаюць з пазіцыі сілы. Але закручванне гаек не дасць чаканага плёну – кажа Аляксандр Чахоўскі, прадстаўнік Беларускай рады культуры.

«У гэтым няма ніякага сэнсу – у тым, што яны робяць. Усе гэтыя забароны, чорныя спісы. Нічога не будзе ад гэтага Алексіевіч. Нічога ад гэтага не будзе беларускаму грамадству. Ведаеце, што будзе? «Ябацькі» даведаюцца пра гэты твор, магчыма, і захочуць прачытаць!» – разважае Аляксандр Чахоўскі.

«Выкідаюць з кнігарняў папяровыя кніжкі – трэба больш выдаваць электронных, аўдыёкніжак. Закрываюцца выдавецтвы і кнігарні ў Беларусі – даўно пара стварыць выдавецтвы, кнігарні там, дзе мы раскіданыя па свеце», – кажа паэт Андрэй Хадановіч.

На яго думку, Беларусь і беларуская культура не маюць геаграфічных межаў. Яны былі і будуць паўсюль, дзе ёсць беларусы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»