Як захаваць фігуру ў святочныя дні?


Набліжаюцца Каляды і Новы год, а разам з імі – прыгатаванне святочнага стала. Аліўе, халадзец, мясная нарэзка – смачна, але каларыйна. Як не страціць звыклай фізічнай формы і без болю для сваёй фігуры перажыць святочныя дні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Маянэз, каўбаса, мандарыны – звыклыя прадукты навагодняга стала. І сапраўдныя праверка на трываласць для тых, хто дбае пра сваю фігуру. Ці можна смачна адзначыць святы, але не набраць дадатковыя кілаграмы? Давайце разбірацца.

Паводле Брытанскай дыетычнай асацыяцыі, за навагоднія святы людзі ў сярэднім набіраюць ад чатырохсот грамаў да аднаго кілаграма. Толькі за адну калядную ноч, а ў нашым выпадку – навагоднюю, чалавек спажывае каля шасці тысяч калорыяў, што перавышае дзённую норму ў тры разы. Найбольш небяспечна для фігуры і здароўя – спалучаць прадукты з вялікім адсоткам тлушчу і вугляводаў.

«Спалучэнне тлушчу і цукру вельмі дрэнна дзейнічае на нашыя клеткі… Нават некалькі дзён дзён харчавання спалучэннем такіх прадуктаў можа зрабіць па аналізах чалавека, у якога практычна ёсць цукровы дыябет», – кажа доктар-дыетолаг Аксана Скіталінская.

Найбольш каларыйныя стравы на навагоднім стале – халадзец і чырвоная ікра. Не менш калорыяў і ва ўпадабаных маянэзных салатах – селядцы пад футрам, аліўе. Каб захаваць фігуру, дыетолагі раяць абмежаваць сябе і ў алкаголі: у ста грамах чырвонага віна – ажно 100 кілакалорыяў.

«Алкагольныя напоі такія ж каларыйныя як і цукар. Гэтая каларыйнасць усмоктваецца маментальна… Калі вы ўжо ўжываеце алкаголь – шампанскае, якаснае сухое віно, у невялікай колькасці і абавязкова пасля закускі», – дае параду Скіталінская.

Яшчэ адна парада экспертаў – замяняць каларыйныя прадукты дыетычнымі.

«Замяніць маянэз на смятану. Не вэнджаная рыба, а свежыя морапрадукты. Самому прыгатаваць, менш паўфабрыкатаў, менш кансервантаў», – кажа фітнес-трэнер Дзмітрый Шаш.

Такім чынам можна пазбегчы не толькі набору лішняе вагі, але і іншых праблемаў з страўнікам, у тым ліку – харчовых атручванняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: chandlervid85 / Freepik

Традыцыя даядаць тое, што засталося пасля навагодняй ночы, – адна з найбольш распаўсюджаных прычынаў харчовага атручвання. У суседніх з Беларуссю краінах гэтую праблему вырашылі проста: стравы прыносяць у грамадскія лядоўні, адкуль пазней іх забіраюць бяздомнікі.

А што рабіць, калі ў вашым горадзе такіх лядоўняў няма, а выкідваць ежу шкада? Варта падумаць пра гэта загадзя.

«Трэба старацца рыхтаваць ежу на паўтара дня. Гэта будзе лепш за ўсё…А чаму? А таму што мы ўсе вельмі розныя. У кагосьці больш ферментаў стрававальных, у кагосьці яны добра працуюць. У кагосьці іх недастаткова і тады ежа будзе не вельмі добра перапрацоўвацца», – распавядае Аксана Скіталінская.

Другі складнік добрага самаадчування падчас навагодніх святаў – заняткі спортам. Застацца ў добрай форме дапамогуць розныя віды актыўнасці.

«Больш рухайцеся, хутчэй хадзіце, калі ў вас ёсць ровар – ездзіце на ровары», – кажа Дзмітрый Шаш.

Таксама пасля навагодніх святаў варта наладзіць рэжым дня. Прымайце ежу, трэнуйцеся і кладзіцеся спаць у звычайны для свайго арганізму час – і тады лішняя вага не надоўга застанецца з вамі.

Наста Печанькова, «Белсат»