Хто дапамагае палітвязням?


На дзень 18-га траўня ініцыятыва Dissidentby прызнае палітвязнямі 1771 чалавека, праваабарончы цэнтр «Вясна» – 1497 асобаў. У Беларусі – беспрэцэдэнтная сітуацыя ў звязку з рэпрэсіямі. Хто дапамагае «палітычным»?

У беларускіх турмах і калоніях застаюцца дзясяткі тысячаў асуджаных за пратэсты 2020 года. Аднак палітычнымі вязнямі прызнаныя не ўсе. Гэтак, праваабарончы цэнтр «Вясна» падае лічбу амаль паўтары тысячы чалавек. Ініцыятыва Dissidentby – яшчэ болей, 1771 чалавек. Але прызнаваць пацярпелымі ад рэжыму Лукашэнкі варта значна большую колькасць асобаў, упэўненыя ў праваабарончай ініцыятыве.

«Гэта чатыры з паловай да пяці ўсіх пераследуемых. Разам з тымі, якія выйшлі і з’ехалі, і на каго былі заведзены справы, але яны былі спынены. Увесь агульны абʼём рэпрэсій – ён недзе да пяці», – заявіў праваабаронца ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў.

Тым, хто застаецца ў няволі, неабходнае падтрыманне. А таксама іхным родным.

«На гэты момант, у тым ліку і фінансавую дапамогу, аказвае не толькі BYSOL. Тут важна разумець, што ёсць ужо дастаткова фондаў і ініцыятыў, якія дапамагаюць вельмі рознай дапамогай. Для кагосьці арганізуюць адкрыццё персанальных збораў, нехта дапамагае з медычным абследаваннем за мяжой», – лічыць былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

Зрэшты, дапамога патрэбная і тым, хто ўжо адбыў свой тэрмін.

«Самае важнае зараз – падтрымліваць семʼі палітвязняў, таму што менавіта праз іх ёсць нейкая сувязь. У нас сувязі няма, мы не можам перадаць ні грошы, ні пасылку, нічога, а сваякі часта не могуць сабраць элементарнага», – кажа прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

Гэтак, грошы для палітычных рэпрэсаваных ды іх родных можна ахвяраваць праз ініцыятывы Dissidentby, Politzek.me, фонды BYSOL, «Краіна для жыцця» і «Наш Дом», платформы «Хуткая ўзаемадапамога» і GetDonate. Зборы арганізоўваюць і дыяспары. Юрыдычную кансультацыю надаюць Legal Hub, «Вясна», Probono, AVOCADO.HELP, Хельсінкскі фонд правоў чалавека, Яна/Ёй, Беларускі жаночы фонд, Free Belarus Center ды іншыя. І нягледзячы на такую нібы вялікую колькасць арганізацыяў – ахапіць усе патрэбы яны не могуць.

«Усе мы паасобку: Dissident.by, «Вясна», BYSOL, мы абмежаваныя ў рэсурсах. І хутчэй за ўсё будзе вораг той чалавек, які скажа, што ягоная арганізацыя дапамагае ўсім і закрывае ўсе патрэбы. Разумныя кіраўнікі сваіх суполак скажуць: “Мы, калі можам, дапаможам вось тут, а там, дзе мы не дапаможам, мы адправім вось туды”», – упэўнены Вячаслаў Касінераў.

Поўны спіс ініцыятываў можна знайсці на сайце dissidentby.com.

Але калі вы не ў стане падтрымаць зняволеных грашамі – варта рабіць гэта лістамі ці ўдзелам у акцыях салідарнасці. Гэтак, 21-га траўня ўжо другі раз ва ўсім свеце пройдзе Дзень палітычнага вязня ў Беларусі. З гэтай нагоды ўжо заўтра распачнуцца сустрэчы. Агулам жа акцыі пройдуць ва Украіне, Эстоніі, ЗША, Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нідэрландах, Нямеччыне, Польшчы, Італіі, Бельгіі, Швецыі, Славаччыне, Даніі, Літве ды іншых краінах.

Святлана Кубрак, «Белсат»