Беларусь вяртаецца ва «Усходняе партнёрства»


Беларусь і Аб’яднаная Еўропа працягнуць супрацу, не зважаючы на патугі рэжыму Лукашэнкі. Напярэдадні шостага саміту «Усходняга партнёрства» дэмакратычныя сілы нашае краіны сустрэліся з еўрапейскімі партнёрамі. Тэму працягне Валера Руселік.

Крэсла Беларусі на шостым форуме «Усходняга партнёрства», які стартуе заўтра, не застанецца пустым. Гэтымі днямі ў сталіцы Аб’яднанай Еўропы працуе дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Святланаю Ціханоўскаю. Сёння ў Бруселі прайшла адмысловая дыскусія, арганізаваная пры падтрыманні Форуму грамадзянскай супольнасці Міністэрства замежных справаў Чэхіі.

«Усходняе партнёрства» застаецца адкрытае для Беларусі, нягледзячы на пазіцыю беларускіх уладаў, таму што гэта такая палітыка Еўрапейскага Звязу. І ў беларускіх уладаў папросту няма такой моцы і ўлады, каб выключыць грамадзянскую супольнасць і беларускае грамадства з удзелу ўва «Усходнім партнёрстве», – кажа палітолаг, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Тое, што Лукашэнка яшчэ ўлетку спыніў удзел Беларусі ўва «Усходнім партнёрстве», не адпавядае інтарэсам Беларусі, падкрэслівае сябра Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова. А таму замест дыктатарскага рэжыму нашую краіну ў праграме будуць рэпрэзентоўваць менавіта дэмакратычныя сілы: у фармаце групы Еўразвяз – Беларусь.

«Мы прапанавалі фармат супрацы. Гэта чатыры кірункі: ініцыятывы, медыя, адукацыя і стварэнне Інстытуту будучыні, а таксама грамадзянская супольнасць, у межах якіх патрэбная супраца далей», – кажа Вольга Кавалькова.

І галоўныя вынікі сённяшняй дыскусіі не могуць не цешыць, заўважае кіраўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

«Вельмі важна было пабачыць на ўсіх гэтых мерапрыемствах, што Еўрапейскі Звяз і нацыянальныя ўрады абсалютна падтрымліваюць стратэгію ціску на рэжым Лукашэнкі, што менавіта максімальны ціск і змушэнне яго да спынення рэпрэсіяў, вызвалення палітзняволеных і пачатку дыялогу з беларускім грамадствам застаецца актуальнае. Гэта падтрымліваецца, і ніхто з гэтым не спрачаецца», – падкрэслівае Валер Кавалеўскі.

Бо ўсе цудоўна разумеюць: Беларусь – гэта не Лукашэнка. Беларусь – гэта мы, беларусы.

Валер Руселік, «Белсат»