На рэферэндуме прапануюць выбар між «старой» і «новай» Канстытуцыяй Лукашэнка


«Перакрэслі рэферэндум – перакрэслі беззаконне». Такую кампанію запусцілі офіс Святланы Ціханоўскай і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне разам з ініцыятывамі «Сумленныя людзі», «Зубр» і «Голас». Дэмакратычныя сілы заклікаюць людзей ісці на выбарчыя ўчасткі 27 лютага і цытата: «Выказаць свой пратэст, не парушаючы закону. Зрабіць бюлетэнь несапраўдным».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адзначыць адразу два пытанні, вынесеныя на галасаванне. У нейкай ступені стратэгія можа згуляць на руку рэжыму – арганізаваўшы яўку людзей на ўчасткі, падкрэслівае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. І не моцна перашкодзіць фальсіфікацыі. Але як адзначае дарадца і кіраўнік у справе ўнутранай палітыкі офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, мэта ў кампаніі іншая:

«Паказаць, што людзі не даюць сябе падмануць, бо рэферэндум незаконны, прызначаны незаконнай асобай і людзям прапанаваны фальшывы выбар паміж адным Лукашэнкам і іншым Лукашэнкам».

Байкатаваць, не браць ніякага ўдзелу ў фарсе, які рэжым выдае за народныя выбары, заклікае партыя «Народная грамада».

«Не дапушчаны ніводзін незалежны назіральнік. Раней хоць нейкія былі смешныя лічбы, а зараз іх няма. Хто будзе кантраляваць дзеянні выбарчай камісіі, старшыні? Усе камісіі падбіраюцца паводле прафесійнай прыкметы, там ужо людзі адпрацаваныя», – тлумачыць намеснік старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

Мы запыталіся ў чытачоў «Белсату», які ж выбар зробяць яны.

«Крамзануць трэба крыжыкі, але калі ты не прызнаеш хунты – чаго тады ісці!».

«Збор у адзін час на ўчастках, ціснуць трэба на камісію, а то фальсіфікацыі непазбежныя!».

«Не пайду. І гэта не байкот, а асабістая пазіцыя. У байкот як пратэст я не веру. Дэ-факта байкот быў у 2015-м, бо не памятаю натоўпу за Караткевіч. Гэта не перашкодзіла намаляваць яўку».

«Вядома, пайду. Пад двума крыжыкамі пахаваю чыесьці мары. Заадно пагляджу, колькі такіх жа «магільшчыкаў», як я».

Абедзве стратэгіі, падкрэслівае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, не перашкодзяць Лукашэнку прыняць новую Канстытуцыю. Але ў Беларусі прызнанне галасавання таксама не адбудзецца.

«Незалежная сацыялогія – напрыклад, апытанне «Chatham House» нядаўняе – паказвае, што вельмі нізкі ўзровень даверу да Цэнтральнай выбарчай камісіі, адпаведна да яе лічбаў. Таму грамадства, думаю, у масе сваёй вялікая колькасць беларусаў проста не паверыць лічбам гэтага рэферэндуму», – падкрэслівае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Нягледзячы на тое, што пераможных сцэнароў для апазіцыі не існуе, кажа Аляксандр Класкоўскі, «прадаць» вынікі «рэферэндуму» Захаду пад выглядам дэмакратызацыі Лукашэнку не ўдасца. А гэта можа каштаваць рэжыму новых абмежаванняў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»