У Херсон вярнулася ўлада: кіраўнікі абласной вайсковай адміністрацыі, нацыянальная паліцыя і служба бяспекі Украіны. А тым часам у Беларусь чарговы раз, як і напярэдадні, прыляталі расейскія транспартныя летакі ІЛ-76, якія пазней вярнуліся ў Расею. Што прывезлі самалёты – невядома…
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
А раніцай шматтысячнае шэсце прайшло ў Херсоне! Украінцы святкуюць вызваленне абласнога цэнтру. Гулянні з песнямі і слязамі радасці не спыняліся тут усю ноч і працягнуліся сёння. У Херсон вяртаецца жыццё і ўкраінскі бізнес. Учора херсонцы сустракалі фуры ўкраінскай сеткі «АТБ». Святкаваць вызваленне роднага гораду выйшлі і перасяленцы з Херсону ў Адэсе.
Падчас адступлення расейскіх войскаў з Херсону былі разбураныя сем мастоў, у тым ліку на Кахоўскай ГЭС. Прапагандысцкія зэт-каналы апублікавалі кадры таго, як яны разбуралі інфраструктуру.
Пасля вяртання Херсону пад кантроль Украіны акупанты перанеслі так званую сталіцу акупаванай вобласці ў Гэнічэск. Паражэнне Масквы на полі бою пракаментаваў міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс:
«У лютым Расея не здолела ўзяць ні адной са сваіх асноўных мэтаў, акрамя Херсону. Цяпер, калі ён таксама здадзены, звычайныя жыхары Расеі павінны спытаць сябе: навошта ўсё гэта было трэба?»
У інфармацыйнай прасторы ўсё часцей чуваць размовы пра магчымыя перамовы паміж Украінай і Расеяй. Вядома, што днямі прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган мае паасобку правесці тэлефонныя размовы з Кіевам і Крамлём. У сваю чаргу міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба адказаў на пытанне журналістаў, ці магчымая ягоная сустрэча з Сяргеем Лаўровым:
«Калі казаць пра міністра замежных справаў Расеі Лаўрова, то ён не прасіў сустрэчы, як гэта звычайна бывае ў дыпламатыі. Калі ён гэта зробіць, мы ўважліва разгледзім ягоны запыт, улічваючы ўсе аспекты і рэчаіснасць на месцах».
На наступным тыдні ў Інданезіі сустрэнуцца кіраўнікі дзяржаваў «Вялікай дваццаткі». Вядома, што Уладзіміра Пуціна сярод іх не будзе. Рэпрэзентаваць Расею будзе якраз Сяргей Лаўроў. Выданне «Ґардыян» піша, што сусветныя лідары адмовяцца ад традыцыйнага гэтак званага сямейнага фота праз прысутнасць міністра замежных справаў Расеі. Таксама там чакаюць онлайн-выступленне Уладзіміра Зяленскага. У сваю чаргу камандаванне паветраных сілаў Украіны чакае менавіта ў гэтыя дні масаванага ракетнага ўдару. Пра гэта заявіў спікер ведамства Юрый Ігнат.
Сёння ж па ўсёй Украіне гучала паветраная трывога. Прычына – узлёт з двух беларускіх аэрадромаў расейскіх знішчальнікаў МіГ-31 з гіпергукавою зброяй на борце.
Тым часам, лукашэнкаўцы абураюцца, што Украіна ўмацоўвае сваю мяжу і мініруе дарогі на сваёй тэрыторыі. Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка ў тэлеграм-канале напісаў, што для ягонай краіны меркаванне беларускіх памежнікаў абыякавае:
«Афіцыйны Менск – такі ж бок канфлікту і будзе несці адказнасць па выніках вайны. А разам з рэжымам Пуціна падзе і рэжым Лукашэнкі».
Руслан Ігнатовіч, «Белсат»