Беларусам стане цяжэй ездзіць у Латвію


Руйнуе добрасуседскія сувязі і цягне ў пастку праблемаў беларусаў. Лукашэнка стаўся выканаўцам загадаў Пуціна, стварыў міграцыйны крызіс, пусціў на беларускія землі расейскія войскі. Свой адказ прапанавалі ў Латвіі. І гавораць пра скасаванне дамовы з Беларуссю аб узаемных паездках грамадзянаў. Пагадненне спрашчала двухбаковае перасячэнне мяжы жыхарамі абедзвюх краінаў. Але сітуацыя мае змяніцца. З такой ініцыятывай выступіла Міністэрства замежных справаў Латвіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пагадненне паміж урадам Латвіі і Беларусі было падпісанае 1-га жніўня 2008 года. Яго мэтай, паводле латвійскага МЗС, стала развіццё сяброўскіх добрасуседскіх дачыненняў паміж краінамі. Дамова прадугледжвала больш спрошчаны, у параўнанні з шэнгенскім, парадак атрымання візаў асобнымі катэгорыямі грамадзянаў. Аднак на сёння ўрад Латвіі выступае за скасаванне візавага пагаднення.

«У нас ёсць абсалютны кансэнсус, што мы на сваёй тэрыторыі, у сваёй краіне не хочам бачыць тых людзей, якія падтрымліваюць гэтую вайну: як грамадзян Расеі, так і грамадзян Беларусі. Таму ні аб якіх турыстычных візах, па меншай меры, пакуль ідзе вайна, гаворкі не ідзе. Мы гатовыя выдаваць іншага кшталту візы: гуманітарныя, пошук палітычнага прытулку», – кажа дэпутат сейму Латвіі Вячэслаўс Дамброўскіс.

Адна з прычын, з якой латвійскі ўрад вырашыў абмежаваць кантакты з Беларуссю, – фактычная акупацыя краіны, і, як наступства, – клопат Латвіі аб сваёй нацыянальнай бяспецы.

«Ёсць разуменне, што рэжым можа маніпуляваць і грамадзянамі Беларусі. Уся краіна стала закладнікам улады Лукашэнкі, так што і кожны асобны грамадзянін можа такім стаць. Яны могуць скарыстацца сваімі грамадзянамі, пасылаючы што-небудзь ці імкнучыся атрымаць некаторую інфармацыю», – мяркуе літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Згодна з дамоваю, грамадзяне Беларусі маглі заставацца на тэрыторыі Латвіі 180 дзён на год – і наадварот. Таксама беларусы вызваляліся ад неабходнасці рэгістрацыі на тэрыторыі Латвіі на ўвесь перыяд перабывання, а афіцыйныя дэлегацыі маглі атрымоўваць шматразовыя візы.

«Гэтае пагадненне датычыцца ў асноўным рэгістрацыі людзей, якія прыбываюць па турыстычных візах. На 30 дзён і далей. І калі раней мы бачылі, што латвійскі ўрад быў настроены на тое, каб скасоўваць перашкоды, то зараз мы бачым, што латвійскі бок у гэтым не зацікаўлены», – каментуе сітуацыю юрыст Міхаіл Кірылюк.

У Міністэрстве замежных справаў Латвіі падкрэслілі, што «не бачаць магчымасці працягваць дачыненні ў сферы паездак грамадзянаў». А гэта значыць, што наступнай можа быць скасаваная і дамова аб малым памежным руху. Згодна з ёй, жыхары 50-кіламетровай памежнай зоны маглі без візаў перасякаць мяжу суседняй краіны.

«Калі мы кажам пра тое, што тым людзям, якія жывуць на памежных тэрыторыях, даюць спрошчаны парадак перасячэння мяжы, – дык гэта стандартная працэдура паміж дзяржавамі. Яна існуе не толькі з Латвіяй. Гэта наступства палітыкі Лукашэнкі, таму ён уступіў у вайну на баку Расеі да “ніхто ў Еўразвязе”», – кажа юрыст Міхаіл Кірылюк.

Пагадненне аб малым памежным руху з Польшчай, Латвіяй і Літвой было падпісанае ў 2010 годзе. Аднак афіцыйны Менск так і не ратыфікаваў дамовы з ніводнай краінай, акрамя Латвіі. Прычынай, паводле афіцыйнай версіі, стала неабходнасць мадэрнізацыі памежнай інфраструктуры. Нібыта пункты пропускаў не былі абсталяваныя належным чынам.

«Малы прыгранічны рух з Літвой было лакмусавай паперай. Наколькі сапраўды беларускі рэжым адкрыты і давярае сваім грамадзянам і суседнім краінам», – лічыць мяркуе літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Рашэнне аб скасаванні дамовы Міністэрства замежных справаў Латвіі агучыць пасля зацвярджэння яго кабінетам міністраў. Тады ж праінфармуюць і беларускі бок.

Наста Печанькова, «Белсат»