Пачаўся суд над удзельнікамі «Рабочага руху»


У Гомлі пачаўся суд над 10 палітвязнямі па рэзананснай «справе Рабочага руху». Сёння працэс праходзіў без удзелу пацярпелых. Яны напісалі заявы аб працоўнай занятасці і аддаленасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння былі агучаныя эпізоды дзейнасці кожнага абвінавачанага: стварэнне «экстрэмісцкага фармавання», а таксама перадача інфармацыі пра тое, як беларускія прадпрыемствы меркавалі абыходзіць заходнія эканамічныя санкцыі. На думку ўдзельніка працоўнай ініцыятывы «Рабочы рух» Аляксандра Сакалова, сумленных, сапраўдных беларусаў судзяць, фактычна, за патрыятызм. За тое, што яны хацелі змяніць жыццё беларусаў да лепшага.

На лаве падсудных у Гомельскім абласным судзе – дзесяць чалавек: Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандр Капшуль. Абвінавачанні ім выставілі сур’ёзныя: стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім, здрада дзяржаве і іншыя крымінальныя злачынствы. Але насамрэч «Рабочы рух» – гэта абʼяднанне працоўных, якія адкрыта выказаліся супраць фальсіфікацыяў, ґвалту і незаконнага захопу ўлады ў краіне.

«Яны нават не лічылі, што яны займаюцца нечым такім, за што можа іх кінуць за краты рэжым на такія тэрміны. І не бачылі ніякай пагрозы, – распавёў адзін з сузаснавальнікаў «Рабочага руху» Юрый Рававы. – Але мы бачым, што гэта трактуецца зусім інакш, калі ты – актывіст на прадпрыемстве».

У шэрагі «Рабочага руху» быў укаранёны гэтак званы «крот» – агент КДБ пад выглядам працаўніка «Гомсельмашу». Спачатку затрымалі 13 асобаў, некаторых – проста затое, што былі добра знаёмыя з прадстаўнікамі руху. Траіх пазней адпусцілі, некаторых аштрафавалі. Летась увосень «Рабочы рух» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Перад гэтым на рабочую ініцыятыву абрынуўся ўсім сваім гневам Аляксандр Лукашэнка.

Варта адзначыць таксама, што суд над удзельнікамі Рабочага руху некалькі разоў пераносілі. А канчаткова прызначылі дату акурат на наступны дзень пасля паседжання Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы – спецыялізаванай установы ААН, якая займаецца рэгуляваннем працоўных зносінаў. На гэтым паседжанні абмяркоўвалі санкцыі ў дачыненні лукашэнкаўскага рэжыму за парушэнне правоў працоўных. Усе тры групы прадстаўнікоў у арганізацыі – урадаў, наймальнікаў і працоўных – падтрымалі распрацоўванне санкцыяў. Супраць выступілі толькі Расея, Іран і Кітай.

Юрый Рававы патлумачыў, што беларускія ўлады прыкладаюць намаганні, каб паўплываць на міжнародную арганізацыю праз Расейскую Федэрацыю і іншыя краіны, якія маюць там галасы. Бо эканамічнае становішча і так не самае лепшае ў Беларусі, калі паглядзець на нашых суседзяў. Таму, канешне, баяцца. Паводле меркавання Юрыя, 10 прадстаўнікоў «Рабочага руху», якіх судзяць зараз, сталіся дэ-факта закладнікамі і прадметам гандлю беларускіх уладаў з міжнароднаю супольнасцю. Маўляў, чым больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі – тым даўжэйшыя тэрміны для палітвязняў. Звычайная практыка рэжыму: запалохаць і прымусіць сядзець ціха, «не выступаць». Але пасля 2020 года гэта ўжо немагчыма. І «Рабочы рух» ужо не спыніць.

Яе падкрэсліў удзельнік руху Аляксандр Сакалоў:

«Мы сваю працу, сваю дзейнасць не спынілі, адназначна. Нашыя хлопцы ў закладніках, ім пагражаюць зразумела якія тэрміны. Таму мы не спыніліся. Мы працуем з актывістамі з прадпрыемстваў. Мы працуем у розных кірунках».

Сярод тых, каго судзяць цяпер у Гомельскім абласным судзе, – працаўнікі розных прадпрыемстваў, юрысты, чыгуначнікі. Быць сумленным і адстойваць свае правы – для рэжыму ёсць экстрэмізмам.

Марына Яновіч, «Белсат»