Чэхія можа прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстамі


Чэхія разгледзіць магчымасць прызнання КДБ і ГУБАЗіКу тэрарыстычнымі арганізацыямі. Пра адпаведныя дамоўленасці з чэшскімі палітыкамі і чыноўнікамі заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Наколькі гэта рэальна, а таксама як тое паўплывае на палітычны імідж Беларусі, які і так ужо амаль на самым дне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

КДБ і ГУБАЗіК – тэрарыстычныя арганізацыі. Такое рашэнне неўзабаве могуць разгледзець чэшскія парламентары, якім перадалі адпаведныя дакументы з доказамі злачынных дзеянняў гэтых карных структураў.

Намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка:

«І звярнуліся да іх, зразумела, з просьбай з гледзішча нацыянальнага заканадаўства Чэхіі прыняць адпаведныя захады, крокі аб прызнанні гэтых арганізацыяў тэрарыстычнымі».

Аднак ці будзе ў выніку прынятае такое рашэнне? Прадстаўнік у сферы транзіту ўлады Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка кажа, што шанцы ёсць:

«Мы бачым, што гэта доўгі шлях, і нават у сувязі з вайной ва Украіне ў дачыненні Расеі прызнанне кіраўніцтва Расеі тэрарыстычнай арганізацыяй, ці дзеянні Расеі тэрарыстычнымі дзеяннямі ў дачыненні Украіны – даволі доўгі шлях. Мы разумеем, што такі падыход адносна Лукашэнкі пакуль яшчэ не спрацоўвае, але прыйдзе час. Таму мы будзем выкарыстоўваць нацыянальнае заканадаўства і біць па тых структурах, якія сёння займаюцца вонкавым тэрарызмам і ўнутраным тэрарызмам у Беларусі».

Сярод вонкавых прыкметаў тэрарызму рэжыму Лукашэнкі Абʼяднаны пераходны кабінет называе прымусовую пасадку самалёта «Раянэйр» летась у траўні, а таксама міграцыйны крызіс, які да сёння працягваецца на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу.

Унутраны тэрарызм, які чыняць сілавікі, тым часам не спыняецца з 2020-га года: у турмах працягваюцца катаванні няўгодных рэжыму, сілавікі штодня арыштоўваюць і збіваюць людзей за каментары і лайкі, запісваючы потым гэтак званыя «пакаянныя» відэа.

«Мы б пайшлі яшчэ далей, каб прызнаць увесь рэжым Лукашэнкі, усіх, хто з ім працуе і дапамагае яму трымацца ва ўладзе, злачынцамі і злачыннымі арганізацыямі», – кажа кіраўнік ByPOl і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Аляксандр Азараў.

«Тут можна, сапраўды, у гэтай прапанове, правесці такую рысу – маўляў, мы не абвінавачваем усіх, хто служыць сёння беларускай дзяржаве ў такіх дзеяннях, а толькі канкрэтныя арганізацыі. Што да рэалістычнасці, то я не ўпэўнены, што нейкія дзяржавы прымуць такую прапанову», – заўважае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў падкрэслівае, што такая хутчэй іміджавая прапанова таксама не створыць дадатковага псіхалагічнага ціску на тых, хто працягвае працаваць у гэтых структурах:

«Але для тых, хто думае цяпер яшчэ звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі Беларусі, паступаць у нейкія ўстановы, ісці ў міліцыю, то такое рашэнне ці, ва ўсялякім разе інфармацыя пра тое, што гэта абмяркоўваецца, можа паслужыць нейкім стопам».

Гэта не першая спроба прызнаць беларускіх сілавікоў тэрарыстамі: у лістападзе 2020-га з падобнаю прапановай да МЗС Нідэрландаў звярнулася Святлана Ціханоўская. Тады ў спіс тэрарыстаў лідарка дэмакратычных сілаў прапаноўвала ўключыць лукашэнкаўскія АМАП і ГУБАЗіК. Летам 2021-га Валер Цапкала агучыў варыянт законапраекту аб прызнанні МУС тэрарыстычнай арганізацыяй. Паводле палітыка, падобную ініцыятыву можа разгледзіць парламент ужо ў новай Беларусі.

Віталь Бабін, «Белсат»