Што Лукашэнка збіраецца змяніць у Канстытуцыі


Улады Беларусі хаваюць імёны сябраў выбарчых камісіяў, якія будуць лічыць галасы на запланаваным рэферэндуме аб змене канстытуцыі. Пра гэта паведамляе блогер Антон Матолька. Большасць дзяржаўных рэгіянальных газетаў, якія, паводле закону, мусяць апублікаваць звесткі аб камісіях, не паведамілі імёнаў удзельнікаў. Напярэдадні Лукашэнка заклікаў сілавікоў «усяляк абараніць» чальцоў участковых камісіяў. Таксама ўлады заблакавалі сайт назіральнікаў ад грамадзянскай кампаніі «Zubr», якая заклікала беларусаў псаваць бюлетэні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На трэцім з ліку канстытуцыйным рэферэндуме ўлады жадаюць унесці змены ў больш за палову артыкулаў асноўнага закону – у 80 са ста сарака сямі (147). Але ў бюлетэні ёсць толькі два варыянты адказу: «за» новую канстытуцыю або «супраць». Галоўным новаўвядзеннем стане тое, што ў канстытуцыю ўпішуць яшчэ адзін орган улады: Усебеларускі народны сход. Яго рашэнні будуць важнейшыя за рашэнні парламенту і прэзідэнта.

У дэлегаты Усебеларускага сходу аўтаматычна запішуць як дзейных, так і былых прэзідэнтаў. Як і сярод каго выберуць іншых шчасліўцаў, вызначыць асобны закон. Сёння Усебеларускі сход – гэта пазбаўленая якіх-небудзь паўнамоцтваў асамблея, якая складаецца з чыноўнікаў, бюджэтнікаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Лукашэнка склікае іх сваім указам, зазвычай, у перадвыбарчы перыяд, каб яны прадэманстравалі падтрыманне народу.

Калі канстытуцыю зменяць, то Усебеларускі народны сход будуць фармаваць раз на 5 гадоў. У яго шэрагах будуць засядаць 1200 чалавек. Збірацца ён будзе раз на год. Паміж сесіямі яго «аператыўным» кіраўніцтвам будзе займацца абраны дэлегатамі прэзідыум.

«Гэта мае быць нейкі кантрольны орган. Больш за ўсё аналогіяў узнікае з Камуністычнай партыяй СССР і яе з’ездамі, хаця тут мы не бачым таго партыйнага ідэалагічнага складніка», – мэты паправак тлумачыць дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Усебеларускі народны сход, а не прэзідэнт, будзе прызначаць сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі, суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Яго дэлегаты змогуць абʼявіць імпічмент прэзідэнту, увесці надзвычайнае або ваеннае становішча і нават скасаваць рашэнні дзяржаўных органаў, калі яны супярэчаць «інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Што такое «інтарэсы нацыянальнай бяспекі», кіраўнікі краіны, верагодна, будуць вызначаць самі.

«Палітычная сістэма Беларусі зусім не мяняецца. Узмацняюцца толькі адвольныя, султанісцкія тэндэнцыі. Я па-ранейшаму лічу, што Лукашэнка збіраецца перадаць уладу (у аддаленай перспектыве) нікому іншаму як свайму сыну», – прагназуе дырэктар EAST Center Андрэй Елісееў.

Наступныя найважнейшыя змены датычаць прэзідэнта. На сваёй пасадзе ён зможа заставацца толькі два тэрміны. Аднак ранейшыя прэзідэнцкія тэрміны Лукашэнкі могуць абнуліцца, як гэта ўжо было з тэрмінамі расейскага прэзідэнта Пуціна. Такім чынам, Лукашэнка зможа застацца на сваёй пасадзе чарговыя 10 гадоў. Праўда, ён страціць права выдаваць дэкрэты з сілаю закону, а таксама не зможа прызначаць сябраў ЦВК, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Але ці аслабіць гэта ягоную ўладу?

«Калі Лукашэнка працягвае захоўваць пасаду прэзідэнта, а таксама кіруе УНС і Саветам бяспекі, то абсалютна не важна, як размеркаваны паўнамоцтвы паміж імі. Па-ранейшаму адзін чалавек кантралюе ўсе працэсы», – лічыць Андрэй Елісееў.

Згодна з дзейнаю канстытуцыяй, у прэзідэнты Беларусі могуць балатавацца людзі не маладзейшыя за 35 гадоў. Гэты цэнз маюць павысіць да 40. Прэтэндаваць на прэзідэнцкае крэсла забароняць людзям, якія жылі ў Беларусі менш за 20 гадоў, мелі від на жыхарства за мяжой або «карту паляка».

Трэцяя найважнейшая змена – Беларусь перастане быць нейтральнаю краінаю. Калі раней канстытуцыйнае палажэнне аб імкненне Беларусі да нейтралітэту і бязʼядравага статусу проста не выконвалася, то цяпер яно ўвогуле знікне з асноўнага закону.

«Гэта стварае магчымасці для таго, каб на тэрыторыю Беларусі магла быць уведзена расейская ядравая зброя, якая будзе знаходзіцца пад кантролем Крамля, а таксама стварэнне расейскай вайсковай базы», – звяртае ўвагу Андрэй Ягораў.

Прапанаваны ўладамі праект канстытуцыі прадугледжвае і іншыя новаўвядзенні. Так, ён гарантуе імунітэт не толькі дзейнаму прэзідэнту, але і таму, які пакінуў пасаду. Праект вызначае шлюб як саюз мужчыны і жанчыны, а праяўленне патрыятызму абʼяўляе абавязкам беларускіх грамадзянаў. Што такое патрыятызм, а што не – відаць, зноў будуць вызначаць самі ўлады.

Аляксандр Папко, «Белсат»