Выбух на Крымскім мосце: версіі і наступствы


Прыкладна шостая гадзіна раніцы 8-га кастрычніка. Наймацнейшы выбух на Крымскім мосце, галоўным сімвале расейскай акупацыі паўвостраву. Мяркуючы з відэа, што з’явілася ў сеціве, грузавік, які рухаўся па аўтамабільнай частцы моста, выбухнуў насупраць чыгуначнага складу з гаручым, пачаўся пажар.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У выніку выбуху і пажару, паведамляюць у расейскім Следчым камітэце, пашкоджаныя амаль паўтара кіламетра чыгуначнага палатна, а некалькі пралётаў аўтамабільнага моста і зусім абваліліся. Рух праз мост паміж Расеяй і паўвостравам быў спынены цалкам.

Расейскія ўлады паспяшаліся абвінаваціць у выбуху ўкраінскі бок. Так званы «кіраўнік парламенту Крыму», Уладзімір Канстанцінаў абвінаваціў у нападзе на мост нейкіх «украінскіх вандалаў». Уладзімір Пуцін, які адзначыў напярэдадні сямідзесяцігадовы юбілей, даручыў стварыць урадавую камісію для расследавання прычынаў выбуху.

Украінскія ўлады афіцыйна сітуацыі не каментуюць:

«Ролю СБУ ці іншага дзяржаўнага органу Украіны будзем каментаваць пасля нашай канчатковай перамогі», – кажа спікер СБУ Арцём Дзегцярэнка.

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу, але не ўдакладніў, паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу яе збіраюцца расследаваць. Згодна з ведамствам, у выніку выбуху загінулі тры чалавекі. Таксама ў СК заявілі, што следчым удалося ўстанавіць звесткі грузавога аўтамабіля і яго ўласніка – жыхара Краснадарскага краю Расеі. У яго ўдома прайшоў ператрус.

Таксама вывучаецца маршрут перамяшчэння машыны.

«Калі гэта сапраўды праца сіл спецыяльных аперацый, або, як прынята называць, украінскіх партызан, ці нават партызан расейскіх, тых хто змагаецца супраць Пуціна ўнутры Расеі, то гэта бліскуча праведзеная аперацыя. Узгодненая па часе, месцы і з вельмі яркім вынікам», – кажа Мікола Саламаха, падпалкоўнік запасу Збройных сілаў Украіны.

Пра магчымае дачыненне ўкраінскіх спецслужбаў да выбуху Крымскага моста кажуць крыніцы некаторых украінскіх медыяў. Існуе і процілеглая версія. На думку шэрагу экспертаў, выбух Крымскага моста можа быць адным з элементаў унутранага расейскага супрацьстаяння паміж ФСБ і ваенным кіраўніцтвам з мэтаю перакласці адзін на аднаго адказнасць за шматлікія паразы на фронце.

«Другая частка спецаперацыі – гэта тое, каб зараз, паколькі па іх законах гэта цяпер расейскія тэрыторыі, пачаць «антытэрарыстычную аперацыю» пад кантролем ФСБ і з усімі прывілеямі для іх», – выказвае сваю версію Віктар Ягун, генерал-маёр СБУ ў запасе.

Прыпыненне руху праз Крымскі мост справакавала на паўвостраве транспартны калапс і паніку. Акупацыйныя ўлады спачатку ўвялі абмежаванне на продаж тавараў і паліва ў адны рукі. Літаральна праз некалькі гадзінаў гэта рашэнне адмянілі. На аўтазапраўках паўвостраву ўтварыліся вялізныя чэргі.

Каб кампенсаваць прыпыненне руху праз мост, расейскія ўлады збіраюцца аднавіць паромнае злучэнне з паўвостравам, аднак на гэта спатрэбіцца некаторы час. Чыгуначны рух па Крымскім мосце ўлады паабяцалі аднавіць ужо ў суботу ўвечары, аўтамабільнае злучэнне для легкавых аўтамабіляў часткова аднавілі ў суботу днём.

19-кіламетровы Крымскі мост – самы доўгі ў Еўропе. Яго будаўніцтва пачалося ў лютым 2016 года і цалкам завяршылася ў снежні 2019-га. Кошт праекту – каля 4-х мільярдаў долараў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»