Іллю Міронава ў чарговы раз выклікаюць у Савецкі РАУС. На гэты раз – для разгляду адміністрацыйнага пратакола паводле артыкулу 17.11 КаАП.
Валанцёра з Гомля Іллю Міронава ў апошнія месяцы пастаянна пераследуюць розныя сілавыя структуры. На яго склалі 5 пратаколаў на 31 содні адміністрацыйных арыштаў і штраф на 20 базавых велічынь.
26 лістапада валанцёра праз SMS запрасілі ў грамадскі пункт аховы парадку-3 АУС Савецкага раёну Гомля. У аддзяленні на яго склалі пратакол за тое, што ён 8 верасня ва «Укантакце» змясціў «кампазіцыю ў выглядзе эмблемы СС часоў Трэцяга Рэйху, у выглядзе чэрапа з перакрыжаванымі касцямі, прызнаную судом Цэнтральнага раёну гораду Менску 12 сакавіка 2018 года экстрэмісцкім матэрыялам».
За гэта яму паводле ч.2 арт. 17.11 КаАП пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь або арышт. Сваю віну Ілля не прызнаў, з пратаколам не пагадзіўся. Калі адбудзецца суд, пакуль невядома.
«На футболцы намаляваны сімвал «Вясёлы Роджэр», які не ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і шырока выкарыстоўваецца ў фільмах, мульціках, карцінах, розных малюнках, напрыклад на трансфарматарных будках. А сцягі свабодна прадаюцца ў сувенірных крамах нашай краіны», – паведаміў валанцёр «Белсату».
Ён адзначыў, што набыў тышортку некалькі гадоў на канцэрце расейскага панк-гурта КняZz, створаным былым удзельнікам гурта «Король и Шут» Андрэем Князевым.
«Гэта фірмовы мерч групы, і каштуе ён даволі дорага», – падкрэсліў Ілля Міронаў.
Новы пратакол ён лічыць працягам «беспрэцэдэнтнага ціску на валанцёрскі рух і ў цэлым грамадзянскай супольнасці нашай любімай Беларусі».
МГ belsat.eu