Газета Мінабароны прапанавала адзначыць 100-годдзе Рудабельскай рэспублікі, а лідараў БНР назвала «палітычнымі сутэнёрамі»

ВІДЭА

Кадр з фільму "Рудабельская рэспубліка". Беларусьфільм, 1971 год

Беларуская вайсковая газета «Во славу Родины» апублікавала другую частку артыкулу, прысвечанага БНР і падзеям 1918-1920 гг. на беларускай тэрыторыі.

Нагадаем, у першай частцы артыкулу «Асаблівасці «беларускага адраджэння» у 1918–1920-х гадах» палкоўнік у адстаўцы Яўген Падлесны сцвярджаў, што лідары БНР паводзілі сябе амаральна, шукаючы падтрымку ў немцаў ды палякаў, а іх ідэі нацыянальнага адраджэння былі адрынутыя беларускім народам.

Гэтую думку ён развівае ў другой частцы артыкулу. Больш за тое, газета Мінабароны выступіла з прапановаю шырока адзначыць юбілей Рудабельскай рэспублікі.

«Рудабельская рэспубліка была палітычным антыподам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-1920-х гадах у Беларусі. Яна адлюстроўвала сапраўдныя пачуцці і настроі беларусаў і з’яўлялася прыкладам мужнасці і стойкасці беларускай нацыі. У Рудабельскай рэспубліцы як палітычным феномене ляжаць карані адказу на пытанне: чаму ў Беларусі перамагла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, а не Беларуская Народная Рэспубліка? Партызанскія дзеянні беларусаў уваходзілі ў прамую супярэчнасць з палітыкай Рады БНР па будаўніцтве беларускай дзяржаўнасці ў альянсе з нямецкім генералітэтам. Большасць беларускага народа, у адрозненне ад дзеячаў нацыянальнага руху, добра разумела, што пабудаваць незалежную беларускую дзяржаву ў саюзе з акупантамі немагчыма. У гэтых адносінах уяўляецца мэтазгодным у суверэннай і незалежнай Беларусі шырока адзначыць 100-гадовы юбілей Рудабельскай рэспублікі», – адзначаецца ў артыкуле дзяржаўнай газеты.

Па словах аўтара артыкулу, лідары БНР «ігнаравалі меркаванне народных мас» і «грэбавалі менталітэтам беларускага народу». Асобна Яўген Падлесны жорстка крытыкуе лідараў БНР за імкненне да супрацы з Польшчай. Намеры лідараў БНР весці сумесную ўзброеную барацьбу з Чырвонай Арміяй у артыкулам ацэньваецца наступным чынам:

«Дзеячы беларускага нацыянальнага руху ў вачах сусветнай супольнасці зноў паўсталі ў якасці палітычных сутэнёраў, якія гандлююць сінявокай Беларуссю нібы сваёй уласнасцю».

Рудабельская рэспубліка (Рудабельская Савецкая рэспубліка або Рудабельская партызанская рэспубліка) – тэрыторыя Рудабельскай воласці Бабруйскага павета, на якой захоўвалася савецкая ўлада ў перыяд нямецкай і польскай акупацыі. На тэрыторыі рэспублікі вялася партызанская барацьба, была разгорнутая актыўная камуністычная агітацыя. Рэспубліка была скасаваная пасля таго як яе тэрыторыю заняла Чырвоная Армія ў 1920 годзе.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары