Аднак ужо без карцінаў. Паглядзець на шэдэўры можна будзе праз праектар.
Галерэя «Арт-Беларусь», дзе захоўвалася карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанку», ад 16 чэрвеня аднаўляе працу. Але ўжо без карцін, гаворыцца на іхнай Facebook-старонцы.
«Мы дзякуем вам за падтрыманне, за рэпосты і публікацыі, за ўвагу і адкрытасць. За неабыякавасць… Нашая задача зараз – распавесці аб гэтых карцінах і аб мастаках, ураджэнцах Беларусі, стварыўшыя іх. Працы можна будзе паглядзець на вялікім праектары, а біяграфіі аўтараў і гісторыі палотнаў – па QR кодах у пустых рамах на чыстых сценах галерэі», – гаворыцца ў паведамленні.
Ад 16 чэрвеня ўваход у галерэю будзе вольны.
«Белгазпрамбанк» меў карпаратыўную калекцыю, якая складалася з прац мастакоў Парыжскай школы – ураджэнцаў Беларусі, сярод якіх былі такія вядомыя творцы, як Марк Шагал, Юдэль Пэн, Хаім Суцін. Менавіта гэтая калекцыя стала асновай для стварэння «Арт-Беларусі».
14 чэрвеня стала вядома, што да справы «Белгазпрамбанку» сілавікі далучылі 150 карцінаў, якія нібыта намагаліся вывозіць з Беларусі.
КТ belsat.eu