Еўразвяз ухваліў новыя санкцыі супраць Расеі


Новы пакет санкцый уступіць у сілу «праз некалькі дзён», пасля апублікавання ў афіцыйным часопісе ЕЗ, гаворыцца ў заяве Еўрапейскай Рады.

Мэта санкцый – прыпыніць палітыку Расеі па дэстабілізацыі сітуацыі на Усходзе Украіны. «ЕЗ гатовы пераглядзець санкцыі», але ўсё залежыць ад рэалізацыі дамоўленасцяў па прыпыненню агню на Данбасе, падкрэсліваецца ў заяве.

Як раней паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на сваю крыніцу, не ўсе дзяржавы падтрымалі пагадненне па санкцыях. Якая менавіта краіна выступіла з пярэчаннямі, не ўдакладнялі. Пазней журналіст «Financial Times» Пітэр Шпігель напісаў у Twitter’ы, што прыняцце пакету санкцый затрымала Фінляндыя.

 У сваю чаргу Міністэрства абароны Украіны заяўляе, што прарасейскія баевікі парушаюць перамір’е. 8 верасня тэрарысты абстралялі данецкі аэрапорт з залпавых установак «Град». Таксама стрэлы былі чутны непадалёк ад населеных пунктаў Аўдзееўка, Ніжняя Крынка, Маёрск і некаторых іншых.

 Як вядома, 5 верасня ў Менску адбыліся перамовы пры ўдзеле другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, амбасадара Расеі ва Украіне Міхаіла Зурабава, спецпрадстаўніка АБСЕ Хайдзі Тальявіні, лідара баевікоў «ДНР» Аляксандра Захарчанкі, Андрэя Пургіна, прэм’ера «ЛНР» Ігара Платніцкага. Па выніках сустрэчы быў падпісаны пратакол аб прыпыненні агню на Данбасе. 

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў