З папярэдняга расследавання Міністэрства аховы здароўя вынікае, што ўзбуджальнікам стаў стафілакок, а крыніца інфекцыі – персанал харчаблока. Дапускаецца, што працаўнікі маглі не памыць рукі.
Паводле Міністэрства аховы здароўя па звестках на 28 лістапада, з дзіцячай інфекцыйнай больніцы Менску выпісаныя ўсе дзеці, якія паступілі з атручваннем тыдзень таму.
Ад 23 лістапада праца школьнай кухні адноўленая, але працуе іншая змена кухараў.
20 лістапада 174 вучні сярэдняй школы № 61 звярнуліся да лекараў. Бацькі вучняў паведамлялі, што ў шматлікіх дзяцей – сімптомы атручвання, ваніты. У Менгарвыканкаме пацвердзілі, што ў школе зафіксаваныя выпадкі атручвання дзяцей. На месца выклікалі брыгады хуткай дапамогі. Частку дзяцей шпіталізавалі.
Пацярпелі ў асноўным вучні 5-9-х класаў.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч.1 арт. 336 (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур або санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў, што пацягнула па неасцярожнасці атручванне людзей) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
AA belsat.eu