Элан Сміт, асуджаны ў Беларусі за «арганізацыю незаконнай міграцыі», выйшаў на волю 29 верасня і цяпер абяцае выкрываць карупцыю ў калоніі Віцьба-3.
Першае сэлфі зробленае ў віцебскай калоніі ён выклаў сёння ў Facebook. Мужчына сцвярджае, што фота ён зрабіў тэлефонам, які незаконна ў калонію пранёс галоўны аператыўнік Ілля Цыркуноў.
Элан Сміт кажа, што заплаціў за тэлефон Цыркунова праз ягоны нелегальны канал дастаўкі ў калонію забароненых рэчаў.
Больш фатаграфіяў і відэа брытане абяцае апублікаваць неўзабаве.
Элан Сміт кіраваў фірмай, якая займалася арганізацыяй медычнай апекі замежнікаў, у тым ліку ў Беларусі. Паводле Сміта, ён набыў квіткі на цягнік Берасце–Тэрэспаль групе грамадзянаў Іраку. Беларускі суд прысудзіў яму два гады зняволення за арганізацыю нелегальнага каналу міграцыі. 10 месяцаў Сміт правёў у СІЗА № 2 у Віцебску, а пасля адбываў пакаранне ў калоніі Віцьба-3 у Віцебскай вобласці. Ён не мог разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, бо катэгарычна адмаўляў прызнаць віну.
ДР belsat.eu